Кіраўнікі турэцкай тэлекамунікацыйнай кампаніі Turkcell абмяркуюць 16 жніўня ў Мінску з памочнікам прэзідэнта Беларусі Усеваладам Янчэўскім візіт прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана, паведаміў сёння на сустрэчы з журналістамі генеральны дырэктар Turkcell Каан Тэрзіалу.

«У парадку дня, вядома ж, пытанні візіту ў Беларусь прэзідэнта Турцыі Эрдагана. А таксама абмен вопытам рэгулятарнага асяроддзя ў сферы тэлекамунікацый», — сказаў гендырэктар Turkcell.

Разам з тым асноўнай тэмай, паводле яго слоў, будзе «цыфравізацыя Беларусі і Турцыі». «Гэта ў тым ліку тычыцца інфарматызацыі паслуг, якія аказваюцца дзяржавай, у галіне аховы здароўя, адукацыі і дзяржпаслуг», — удакладніў Каан Тэрзіалу.

Ён сказаў, што на мінулым тыдні ў Анкары адбылася «вельмі плённая і эфектыўная» сустрэча Янчэўскага з галоўным саветнікам Эрдагана па эканамічных пытаннях.

«Мы разлічваем, што да візіту нашага прэзідэнта ў Беларусь мы сумесна з беларускім бокам зможам падрыхтаваць шэраг маштабных праектаў, вартых для разгляду на ўзроўні кіраўнікоў дзвюх дзяржаў», — падкрэсліў генеральны дырэктар Turkcell.

Міжнародная група кампаній Turkcell з 29 ліпеня 2008 года з'яўляецца адным з сузаснавальнікаў (80%) у мінулым цалкам дзяржаўнага ЗАТ «Беларуская сетка тэлекамунікацый» (мабільны аператар life:)), зарэгістраванага 5 лістапада 2004 года. Колькасць актыўных абанентаў life:) вырасла за 2015 год на 10,4% і дасягнула 1 млн. 138 тыс.

Запланаваны на канец ліпеня візіт прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана ў Беларусь перанесены на няпэўны тэрмін, паведаміла раней прэс-сакратар кіраўніка беларускай дзяржавы Наталля Эйсмант. Чакалася, што Эрдаган наведае Мінск і возьме ўдзел у цырымоніі адкрыцця Саборнай мячэці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?