Фота: Valeria Martynova / ЦЭХ

Фота: Valeria Martynova / ЦЭХ

Выстава Сяргея Гудзіліна ў «ЦЭХу» таксама працуе з сімволікай вадкасці, але адкідае метафорыку багны (як найбольш відавочную) і звяртаецца да вобразнасці парніка. Уся экспазіцыйная прастора аформленая нібы альшанскі парнік, на цэлафане якога асядае ліпкае дыханне кандэнсату. У імя апошняга і названая найбольш важная для гэтага лета фотападзея.

На ўваходзе нас сустракаюць цытаты з Вікіпедыі, якія тлумачаць, што кандэнсат ёсць прадуктам пераўтварэння матэрыі з парападобнага ў вадкі стан. Можна разгарнуць гэтую метафару і дадаваць, што візуальны кандэнсат, які трапіў на сцены выставы Гудзіліна, ёсць прадуктам выпарвання самлелага беларускага балота.

Вольга Бубіч называе Гудзіліна «самым дзёрзкім фотажурналістам Беларусі». Я б зазначыў, што журналіста ў Гудзіліне не болей, чым было рэкламіста ў Курце Ванегаце. Ёсць людзі, якім дадзена крыху болей за іншых. Гледзячы наўкол, яны бачаць тое, што застаецца па-за фокусам у калег. І няважна, пад каго яны маскіруюцца, каб сабраць матэрыял: пад спецыялістаў па сувязі з грамадскасцю (Ванегут у General Electrics) ці ў інструктараў па курагадоўлі (Міхаіл Зошчанка ў Лігаве) — яны найперш творцы, якія вынаходзяць Малевічаў «прыбавачны элемент». З дапамогай якога паўсядзённасць ператвараецца ў мастацтва.

Чалавек, які ўважліва сочыць за Гудзіліным, не знойдзе на «Кандэнсаце» новых фотаздымкаў: бачылі, захапляліся, ведаем. Сюрпрызам будуць хіба што «постфатаграфічныя» эксперыменты Сяргея са змяшчэннем картачак на катонавых вадалазках. Medium is the message, пераўтварэнне здымка ў аб’ект мовы змяняе сэнс фатаграфіі. Я б вось з задавальненнем набыў худзі з дзяўчынай у беларускай вазе з парада на Дне незалежнасці, каб зрабіцца саўдзельнікам Сяргея па засваенні прасторы беларускага горада перыяду постквітнення. Але выключна вобразнасці замала для таго, каб зрабіць сур’ёзную выставу пасля Дзюшана.

#kandensat Гудилина!

Фото опубликовано Ivan Vedenin (@ispirito)

«Кандэнсат» цікавы, паўтаруся, не фотаздымкамі, якія можна пабачыць не толькі тут. І не дасціпным куратарскім абгрунтаваннем, а менавіта сваім «прыбавачным элементам». Для Дзюшана такім элементам была апрапрыяцыя, для Малевіча — эканомія, у выпадку з Гудзіліным мы бачым Беларусь, пераведзеную на мову глітчу. Паглядзіце хаця б гэты тызер — глітч тут не толькі ў застаўцы, не толькі ў хаатычнай і нібы выпадковай змене кадраў, але і ў гукавым вымярэнні, у музыцы хаосу.

Калі я пабачыў плакат мерапрыемства Сяргея, я быў вельмі здзіўлены: глітч упершыню заявіў пра сябе ў 2010-я. Першай беларускай фотамастачкай, якая працавала ў гэтай стылістыцы, была Аліна Крушынская, адпаведная выстава ў Аліны адбылася яшчэ ў 2011 у Клайпедзе. Дык чаму такі рызыковы піянер, як Сяргей, звярнуўся да гэтай ужо добра распрацаванай мовы, якая перайшла ў мэйнстрым і сустракаецца нават у кліпах на MTV?

Усё патлумачыў паход на выставу.

Малевіч бачыў эканомію чыннікам, які вёў (прынамсі, у ягоных тэарэтычна-мастацтвазнаўчых распрацоўках) мастацтва «ад рэалізму» праз «сезанізм, імпрэсіянізм ды кубізм» — да найвышэйшай ступені развіцця ды «абнулення», да супрэматызму.

Гудзілінскі глітч — найвышэйшая ступень спасціжэння той Беларусі, якая атачае нас у прасторы паміж тэлевізарам і сялянскай дыскатэкай. Хіпстар скажа, што гэта, можа, і не самая прыемная форма існавання нашай радзімы, але чалавек, які піў чарніла з пацанамі ў Асвеі, абарве: яна найбольш неаспрэчная. Без яе ад Беларусі застаецца толькі смузі і Pinky Bandinskiy.

Каб зацвердзіць сваю сістэму поглядаў на жывапіс, Малевіч напісаў «Аб новых сістэмах у мастацтве», выдаваць якую і прыехаў у Віцебск. Каб патлумачыць, што глітч ёсць непазбежным рэзультатам сутыкнення свядомасці з Беларуссю, Гудзілін пачынае сваю выставу з фільма. Гэты васьміхвілінны прадукт я паказваў бы ўсім замежным галерыстам і куратарам, каб вельмі коратка патлумачыць, што такое нашая незалежная рэспубліка як сістэма сімвалаў.

Гэта такая шызакарцінка, якая пачынаецца з фрагментаў інтэрв’ю Максіма Жбанкова з самім Гудзіліным (на адказы Гудзіліна накладзенае рэха, праз якое кожнае слова мастака набывае дадатковую вартасць), далей — уключае ў сябе здымкі мазурыкаў, якія танчаць у цемры, дупу каня, які валачэ аператара праз беларускія снягі. У гэтым вычарпальным фільме нейкі дзядзька з тэлевізара з міністэрскім відам тлумачыць, што культура залежыць ад вытворчасці малака, бабулькі спяваюць у касцёле (з іх ратоў вырываецца пара, так, што відаць, як там, у тым касцёле, халодна), урачысты голас абвяшчае прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пры яго з’яўленні ў парламенце…

Меню для продкау #kandensat #hudzilin #photo #belatus #выстава

Фото опубликовано Nadya Shepel (@nadyashe)

Тут няма ніводнага моманту, які б не меў шызафрэнічнай падкладкі, ніводнай рэплікі, сказанай без накладкі тэлевізара, інфернальнага «Клуба рэдактараў» ці сапраўднага саўндчэку перад пачаткам афіцыйнага параду. Здымкі ўзганароды «найлепшых аграрыяў» абрываюцца змрочнымі кадрамі таго, як маўклівы мужык у ботах занурана барануе зямлю. Ці вось бабуля сядзіць у квяцістай сукенцы на кітайскай покрыўцы, і гэта ўсё — пад голас дыктара, які разважае пра сімвалы беларускай дзяржаўнасці. Кабеты на роварах, каты на платах, дыктарка навін, якая ўрачыста паведамляе, што «беларусы цяпер будуць прачынацца на гадзіну раней за еўрапейцаў» — праз тры, чатыры прагоны гэтага васьміхвіліннага фільма да цябе раптам даходзіць:

Глітч як такі ёсць візуалізацыяй лічбавай памылкі, што знішчае фоткі на картцы. Гудзілінаў глітч — гэта псіхічны стан, які непазбежна ахінае пільнага чалавека, што жыве ва ўжо згаданым прамежку паміж вясковай дыскатэкай і трансляцыяй Дня незалежнасці па БТ. Глітч Гудзіліна — гэта не толькі ягоная ўнікальная мова, гэта дыягназ цэлай краіне, яе audio ды video.

…Я сышоў з «ЦЭХу», я апынуўся на вуліцы Кастрычніцкая, упэўнены ў тым, што пакінуў псіхадэлію гудзілінаўскага глітчу там, за цэлафанавымі дзвярыма. І вось раптам, як той страшэнны агрэгат у кліпе Chemicals, на мяне скочыла толькі што перажытае. Нейкім чынам проста на ходніках апынуліся прасаўшчыцы, якія старанна вазілі прамысловыя прасы па дошках. Тут жа, у пары і тлуме, былі развешаны шэрыя строі і жаночыя спадніцы, і бадзёры тэлевізійны голас бубніў, бубніў і раптам абрэзаў: «Інфармацыя прадстаўленая аналітычным цэнтрам Яндэкс-пробкі».

Спатрэбілася сканцэнтравацца, каб зразумець, што я знаходжуся не знутры экспазіцыі «Кандэнсат», а акурат насупраць фітнэс-клуба «Мобі Дзік», побач з шырока адкрытым акном вялікай хімчысткі, з якой на мяне і скочылі тыя прасы ды строі.

Потым я спусціўся ў метро, дзе мужчына ў форме Міністэрства па надзвычайных сітуацыях чытаў часопіс пра садаводства акурат пад рэкламай касметыкі для барады (з дастаўкай дахаты!), па вагоне бегалі юнакі, якія імітавалі танец доктара Зойдберга з «Футурамы», а бландзінка на абцаcах, якімі Брут лёгка забіў бы Юлія Цэзара, падфарбоўвала вочы, гледзячыся ў камеру ўласнага тэлефона.

І тут мне зрабілася па-сапраўднаму страшна. Бо я зразумеў, што гудзілін-глітч-шоу у маёй галаве можа цяпер не скончыцца наогул ніколі. Псіхадэлічная выстава «Кандэнсат» не рэкамендаваная людзям са слабай ці няўстойлівай псіхікай. Гэтаксама як і жыццё ў Рэспубліцы Беларусь.

Выстава Сяргея Гудзіліна «Кандэнсат» дэманструецца ў прасторы ЦЭХ да канца жніўня. Набыць квіток, паштоўкі ці аўтарскую працу можна праз платформу Talaka.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?