Рэгулярныя кадры на БТ пра тое, як апазыцыянэры фляніруюць вакол амэрыканскай амбасады, пачалі нагадваць мыльны сэрыял. І, як у кожнага сэрыяла, у гэтай сагі могуць зьявіцца свае фанаты.

Цяперака ўжо ніхто ня памятае, як і з чаго гэта пачалося. Культуролягі спрачаюцца: адны рвуць на сабе майку як дадатковы аргумэнт за тое, што фэномэн нарадзіўся пасьля 15‑га выпуску бесканцовай гісторыі аб тое, як апазыцыянэры ходзяць па гранты ў прадстаўніцтва ЗША. Іншыя сьцьвярджаюць, што фатальнай была 34‑я сэрыя.

Так ці іначай, нечакана бэтэшныя страхоткі пра адмарозкаў пад амбасадай сталі надзвычайна папулярнымі. У нядзелі па вечарах вуліцы былі пустыя, жанчыны ня зводзілі вачэй з апазыцыянэраў на экранах. З часам на сэрыял, які ў народзе называлі «Амбасада», «Апазыцыя», «На Старавіленскай», таксама падселі і мужыкі.

Прарыву, аднак, не было, калі б не бізнэсоўцы. Прасякнуўшыся каньюнктурай, яны наладзілі друк укладышаў з партрэтамі лідэраў апазыцыі. Укладышы запіхвалі ў гумкі, якія збывалі па спэкуляцыйных коштах. Школьнікаў ахапіла мода: кожны марыў сабраць поўны набор укладышаў — склад сяброў прэзыдыюму АДС або Сойму БНФ. Постэры з выявай Бухвостава занялі месца плякатаў поруч зь Дзімай Біланам і ды Капрыё ў пакоях дзяўчынак. Малым сьніліся сны, у якіх яны і элегантны Шушкевіч пішуць заяўку па праграме малых грантаў і разам рамантычным надвячоркам тупаюць на Старавіленскую.

Улады, як звычайна, не прарубілі сытуацыю. Напярэдадні выбараў у парлямэнт аўтаматычна запусьцілі чарговы сэзон «Амбасады».

Фатальная памылка! Цяпер папулярнасьці сэрыялу не было ўжо як раданькі даць: паступова нават сярод вэртыкальшчыкаў пайшла мода прыпадабняцца вонкава да герояў тэлесагі. Лідэра нацыі ледзь не перасмыкнула, калі падчас адведак на Случчыне ў нейкім калгасе яго сустрэў жывы Лябедзька (гэта быў брыгадзір камбайнёраў, таксама фанат сэрыялу) з крыкам: «Шаноўны Аляксандар Рыгорыч, я вас тут даўно са сваімі хлопцамі чакаю!..»

Ня менш цікавыя працэсы адбываліся ў мазгах апазыцыянэраў: спачатку яны палахліва кідаліся ад дзяўчынак, якія фільтравалі іх каля выхаду зь сядзібы. (А Вы б хіба не ачмурэлі, калі б на вас зь дзікім енкам кінуўся тынэйджар і паспрабаваў ададраць кавалак пінжака на сувэнір?) Спатрэбілася пару месяцаў, каб нявольныя куміры масаў адаптаваліся да новага статусу.

Кампаніі, якія працавалі на беларускім рынку, тым часам зразумелі, што паходы бацькафобаў па гранты ў вячэрнім этэры БТ — файны фінт для г.зв. «product placement» (лятэнтная рэкляма). Хутка беларускія гледачы пабачылі, як апазыцыянэры ходзяць па гранты з пыласмокамі Bosh, патэльнямі Siemens і нават з кормам для сабак. Пасьля таго, як апазыцыянэр N. выйшаў на шпацыр да амбасады, лушчачы семкі ААТ «Альянс», маштаб продажу «альянсаўскай» прадукцыі вырас утрая.

Улады забілі трывогу! Якубовіч і Янчэўскі вырашылі арганізаваць сустрэчу з апазыцыянэрамі. Іх падступны плян заключаўся ў тым, каб пераканаць іх хадзіць у амбасаду ў цішотках з надпісам «Я проста іду па гранты, ня маючы ніякага інтарэсу да палітыкі».

Сустрэча не адбылася: Калякін на той час адпачываў на Багамах, Вячорка рабіў другую за год плястычную апэрацыю, Статкевіча ахапіў дзяжурны творчы крызіс.

Сытуацыя была катастрафічная. У выніку паседжаньня Рады бясьпекі пастанавілі, каб да амбасады пайшоў Ён. Гэта быў адзін спосаб прымазацца да папулярнага шоў. Мабілізаваўшы мазгавыя актывы, адміністрацыя нарадзіла праекцік пра неабходнасьць выданьня ў пасёлку Дразды бюлетэня пра праблемы адзінокіх бацькоў. Малы грант атрымаў падтрымку, і новы сэзон «Амбасады» пачаўся зь зьяўленьня ў ім новага героя.

Публіка з асьцярожнасьцю сустрэла новы твар. Яна так упадабала старых выканаўцаў! Кінакрытык Жбанкоў пісаў: «Ня веру! Навічку відавочна не хапае плястыкі і псыхалягічнай глыбіні. Калі міліцыя забірае ў яго грошы, у яго вачах няма патасу жаху, які мы бачылі ў выкананьні прадстаўнікоў старой школы!»

І толькі «СБ» вітала зьяўленьне новага актора. Рэдакцыя арганізавала круглы стол экспэртаў, якія раілі БТ даць у папулярным сэрыяле дарогу маладым. На наступны дзень дырэкцыя БТ заявіла, што ў мэтах падтрымкі пераемнасьці найлепшых традыцый беларускай культуры ў наступным сэзоне пастанавілі цалкам зьмяніць акторскі склад «Амбасады». Ужо вядомыя імёны новых выканаўцаў апазыцыянэраў, якія будуць хадзіць па гранты: Сідорскі, Навумаў, Радзькоў.

Паглядзім, ці прыме іх публіка ў сваім улюбёным сэрыяле?

Дарэчы, на Фэліксе кажуць, што на «Беларусьфільме» змайстравалі копію — муляж амэрыканскай амбасады. Туляючыся вакол яго, маладыя акторы шліфуюць сваё майстэрства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?