Група з 20-ці дэпутатаў партыі «Права і справядлівасць» звярнулася да мэра Варшавы з прапановай паставіць помнік беларускім і ўкраінскім жаўнерам, якія дапамагалі Польшчы ў Вайне за незалежнасць — у тым ліку ў абароне Варшавы падчас Цуду на Вісле ў 1920 г.

Пра гэта паведаміла rp.pl

Дэпутаты таксама збіраюць подпісы грамадскасці пад зваротам, каб перадаць яго ў мэрыю 17 верасня — у дзень, калі ў 1939 годзе саюзныя Гітлеру савецкія войскі нечакана атакавалі Польшчу, якая ўжо ваявала з Нямеччынай.

«Вайна супраць бальшавікоў, у прыватнасці ўдзел у ёй саюзных аддзелаў, такіх як украінскія атамана Сымона Пятлюры ці беларускіх генерала Станіслава Булак-Балаховіча была табуяванай тэмай у часы камунізму. Таксама і пасля 1989 года мы не аддалі патрэбным чынам даніну памяці нашым хаўруснікам, якія поплеч з польскім жаўнерам пралівалі кроў і зрабілі свой уклад у спыненні бальшавіцкай навалы», — гаворыцца ў лісце дэпутатаў.

Кансерватары прапануюць паставіць помнік на Віленскім пляцы ў Варшаве на месцы помніка «польска-савецкаму братэрству па зброі».

Было б «важным і сімвалічным жэстам, калі б пастамент помніка, які нагадвае пра савецкую акупацыю нашага краю, стаў бы падмуркам помніка, якія прысвечаны ўсходнім хаўруснікам — братнім народам, якія разам з намі ваявалі за незалежнасць супраць бальшавіцкага гвалту», адзначаюць ініцыятары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?