Аляксандр Лукашэнка ў канцы верасня плануе наведаць Кітай з дзяржаўным візітам. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння ў час перамоваў з членам Палітбюро Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая, сакратаром палітыка-юрыдычнай камісіі ЦК КПК Мэн Цзяньчжу.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што чакае асабістай сустрэчы са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, традыцыйна даверчага абмену меркаваннямі ў ходзе дзяржаўнага візіту, які плануецца на канец верасня.
«За 25 гадоў з моманту ўсталявання дыпламатычных адносін Беларусь і Кітай зрабілі вельмі шмат для ўмацавання двухбаковых сувязяў, — перакананы ён. — У нашым дыялогу абсалютна няма закрытых тэм і нявырашаных праблем».
На яго думку, інтэнсіфікацыя кантактаў паміж дзвюма краінамі назіраецца ва ўсіх без выключэння сферах. Так, праведзены ў маі мінулага года беларуска-кітайскі бізнес-форум надаў новы імпульс наладжванню міжрэгіянальных сувязяў. Як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, з боку кітайскіх рэгіёнаў усё больш праяўляецца практычная цікавасць да цеснага супрацоўніцтва.