2-3 верасня на міжнародным шоўкейс-фестывалі What’s Next In Music? у сталіцы Літвы выступяць беларускія гурты Teleport, Take The Cookies і Triangle, абраныя арганізатарамі ў межах конкурса. Мерапрыемства будзе часткай штогадовага Loftas Fest, у межах якога на гэтай жа пляцоўцы выступяць Daughter (Вялікабрытанія), Gesaffelstein (Францыя), Lola Marsh (Ізраіль) і іншыя вядомыя артысты.

What’s Next In Music? з’яўляецца пераемнікам ужо вядомага беларусам Vilnius Music Week, дзе ў 2013-2015 гадах выступалі Akute, Clover Club, The Toobes, Super Besse, (((O))), Mustelide, Deech, Alexei De Bronhe. Менавіта на Vilnius Music Week гурт Super Besse атрымаў запрашэнне на буйны фестываль Europavox у Францыі, электроншчык (((О))) быў уганараваны кампліментамі ад першага мэнэджэра Pink Floyd Пітэра Джэнэра, а Alexei De Bronhe атрымаў кантакт, дзякуючы якому пасля выступіў на Seazone Music & Conference у Сопаце, Польшча.

Для індзі-рок гурта Teleport, які спявае на беларускай і англійскай, гэта ўжо трэці паспяховы адбор на шоўкейс-фестываль: увясну музыкі выступалі на Tallinn Music Week 2016, а улетку стала вядома, што іх з чатырма іншымі беларускімі артыстамі запрашаюць на Reeperbahn Festival 2016 у Германіі (адбудзецца ў канцы верасня). Поп-праект Take The Cookies выступаў на Moscow Music Week 2015. Для інструментальнага праекта Triangle гэта першае падарожжа на шоўкейс-фестывалі. Партнёрам What’s Next In Music? у Беларусі з’яўляецца праект Experty.by.

— У гэтым годзе мы атрымалі каля 70 заявак ад музыкаў з Беларусі — гэта вельмі добры вынік. На Vilnius Music Week беларускія артысты заўжды былі сярод найбольш цікавых і я ўпэўнены, што гэта працягнецца ў межах What’s Next In Music?, — кажа дырэктар Літоўскай асацыацыі музычнага бізнэса і адзін з арганізатараў фестывалю Вайдас Стацкявічус.

На What’s Next In Music? будуць прадстаўленыя артысты і музычныя адмыслоўцы з Літвы, Латвіі, Эстоніі, Ісландыі, Германіі, Украіны і Польшчы. Сярод запрошаных дэлегатаў таксама прадстаўнікі фестываляў The Great Escape (Вялікабрытанія) і MENT Ljubljana (Славенія), буйных еўрапейскіх музычных дыстрыб’ютараў Believe Digital і The Orchard. Яны будуць глядзець канцэрты і выступаць у межах двухдзённай прафесійнай канферэнцыі, на якую могуць патрапіць і беларусы.

Арганізатары What’s Next In Music? выдаткавалі для Беларусі 10 бясплатных дэлегацкіх акрэдытацый (уваход на канферэнцыю і канцэрты). Заяўкі з пазначкай WNIM 2016 дасылайце да 24 жніўня (уключна) на адрас [email protected] з інфармацыяй пра сябе: імя-прозвішча, кантакты, профіль дзейнасці і дакладныя праекты, па якіх вы працуеце ці працавалі. Прыарытэт будзе надавацца арганізатарам фестываляў і мэнэджэрам клубаў. Канферэнцыя будзе адбывацца на англійскай мове.

Да 5 верасня беларускія музыкі таксама могуць падаць заяўку на выступ у межах шоўкейс-фестывалю MENT Ljubljana ў Славеніі. Падрабязна на сайце Experty.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0