Як паведамляе радыё «Свабода», прычынай учорашняга затрымання дырэктара мінскай беларускамоўнай гімназіі №4 Юрыя Бандарэнкі быў хабар 500 даляраў.

«Учора тры гадзіны трымалі панятых, перакрылі ўваходы-выхады, з будынка школы нікога не выпускалі, — расказала адна з выкладчыц гімназіі. — Падстава нібыта такая: дзіцё паступала ў пятую клясу, і бацькі ў якасці «падзякі» прынеслі 500 даляраў. Праўда, як аказалася, «мечаных». Тут жа следам наскочылі супрацоўнікі спецслужбаў…»

Як паведамлялася, Юрый Бандарэнка быў затрыманы 18 жніўня на сваім працоўным месцы.

«Затрымалі яго ўдзень, непасрэдна ў гімназіі. Перакрыты быў цэлы паверх, туды нікога не пускалі. У кабінеце дырэктара правялі вобшук, у панятыя ўзялі двух сакратароў і завуча, — паведаміла «Нашай Ніве» крыніца, якая працуе ў навучальнай установе. — … За што затрымліваюць Бандарэнку, не паведамлялі. Вобшук праводзілі пяцёра ў цывільным. Вядома, што яны забіралі паперы з кабінета Бандарэнкі, прычым толькі тыя, дзе было штосьці напісана яго ўласнай рукою — надрукаванага не бралі».

Юрый Бандарэнка працаваў дырэктарам гімназіі №4 з 1997 года. Ягоны педагагічны стаж складае 45 гадоў.

Афіцыйнай інфармацыі пра затрыманне Юрыя Бандарэнкі пакуль няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0