Мінскі гарвыканкам забараніў старшыні Партыі БНФ Аляксею Янукевічу праводзіць агітацыйныя мерапрыемствы па-за межамі Аўтазаводскай выбарчай акругі № 92, дзе ён зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў дэпутаты.

Як паведамляе прэс-служба кампаніі назірання «Права выбару — 2016», першы мітынг палітык запланаваў 25 жніўня на пляцоўцы перад Палацам спорту, другі — 8 верасня каля опернага тэатра. Даверанымі асобамі кандыдата былі пададзеныя адпаведныя паведамленні ў Мінгарвыканкам. Аднак адтуль адказалі лістом за подпісам намесніка старшыні выканкама Ігара Карпенкі, які таксама з`яўляецца старшынёй Кампартыі Беларусі. У адказе гаворыцца, што паведамляльным парадкам правядзення сходаў кандыдат можа скарыстацца толькі ў межах сваёй выбарчай акругі. У іншых месцах сталіцы для правядзення мітынгаў кандыдату трэба браць дазвол у адпаведнасці з законам «Аб масавых мерапрыемствах», звярнуўшыся па яго за 15 дзён да дня правядзення. Мінгарвыканкам спасылаецца на артыкул 491 Выбарчага кодэкса, а таксама на агульны прынцып правядзення выбараў у Беларусі па аднамандатных выбарчых акругах.

Адказ гарвыканкама пракаментаваў юрыст Юрый Чавусаў: «Выбарчы кодэкс устанаўлівае права кандыдатаў і іх давераных асобаў праводзіць мітынгі, пікеты і сходы па заяўным прынцыпе, проста паведаміўшы пра месца правядзення мерапрыемства за два дні да даты правядзення. Гэткі парадак значана больш ліберальны за агульны дазваляльны парадак, які дзейнічае для сходаў неагітацыйнага характару на падставе закона «Аб масавых мерапрыемствах». Аднак згаданы чыноўнікамі артыкул 491 Выбарчага кодэкса не ўтрымлівае аніякай узгадкі пра тое, што такія сходы могуць праводзіцца кандыдатамі толькі на тэрыторыі асобнай выбарчай акругі. Мінгарвыканкам у гэтым адказе адвольным чынам дае тлумачэнне заканадаўства, якое звужае магчымасці кандыдатаў і беспадстаўна пагаршае умовы для іх агітацыйнай дзейнасці. Гэткая адвольная законатлумачальная дзейнасць органа выканаўчай улады выходзіць за межы яго кампетэнцыі. І, на мой погляд, гэта значна абмяжоўвае магчымасці кандыдатаў у правядзенні агітацыі».

Юрыст таксама адзначыў, што сёлета ўлады вырашылі фармальна дапусціць апазіцыйных кандыдатаў да агітацыі, але пры гэтым увялі шэраг новых, не заснаваных на законе, абмежаванняў, якія супярэчаць ранейшай практыцы правядзення агітацыйных кампаній.

Раней праграмы кандыдатаў выкладаліся таксама на сайтах дзяржаўных газет — цяпер гэтага няма, гаворыць Чавусаў. На мінулых выбарах тэлевыступы кандыдатаў і тэледэбаты былі даступныя анлайн — цяпер дзяржаўнае тэлебачанне не толькі не размяшчае гэтыя матэрыялы ў сеціве, але ўсяляк імкнецца знішчыць медыйную ці публічную прысутнасць апазіцыйных палітыкаў. Гэта зводзіць удзел дэмакратычных кандыдатаў у выбарах да фармальнага, лічыць ён.

Што да мерапрыемстваў 25 жніўня і 8 верасня, якія былі запланаваныя Аляксеем Янукевічам, то яны ўсё роўна адбудуцца: пасля адказу чыноўнікаў на правядзенне гэтых мітынгаў былі пададзеныя паведамленні ад давераных асобаў іншага кандыдата Партыі БНФ Уладзіміра Падгола, што балатуецца па Старавіленскай выбарчай акрузе № 105, тэрыторыя якой уключае гэтыя пляцоўкі.

20 жніўня на факт незаконнага абмежавання права на правядзенне перадвыбарчай агітацыі даверанымі асобамі Аляксея Янукевіча пададзеная скарга ў Мінскую гарадскую выбарчую камісію. Заканадаўства дае тэрытарыяльнай камісіі тры дні на разгляд скаргі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?