Гарадзенская крэпасьць — помнік фартыфікацыйнага будаўніцтва ХIХ — першай палавіны ХХ стагодзьдзя прэтэндуе на ўключэньне ў сьпіс гісторыка‑культурнай спадчыны Беларусі. Адпаведнае прадстаўленьне гарадзенскі райвыканкам накіраваў у рэспубліканскую навукова‑метадычную раду па пытаньнях гісторыка‑культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры.

Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у аддзеле культуры гарадзенскага райвыканкаму, рашэньне рада прыме ў чэрвені‑ліпені, і яно, хутчэй за ўсё, будзе станоўчае. Пасьля гэтага фартыфікацыйныя аб’екты будуць прыняты пад ахову. Канчатковае рашэньне аб уключэньні ў сьпіс гісторыка‑культурнай спадчыны і наданьне адпаведнай катэгорыі (аб’екты, якія ўключаюцца або прадстаўляюцца для ўключэньня ў сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЕСКА; якія маюць сусьветнае, рэспубліканскае, мясцовае значэньне) прыме Савет Міністраў.

Будаўніцтва фартоў пачалося ў 1887 годзе. Спачатку гарадзенскія ўмацаваньні мелі часовы характар. Аднак пасьля расейска‑японскай вайны было вырашана будаваць у Горадні крэпасьць, праект якой і быў зацьверджаны імпэратарам Мікалаем ІІ у жніўні 1912 году. Плянавалася будаўніцтва 13 фартоў і 23 апорных пунктаў, а таксама адкрытых батарэй для гармат буйнога калібру, асобных укрыцьцяў для пяхоты, аэрадрому, плаціны, дарогі і шэрагу іншых дапаможных збудаваньняў. Для ўзьвядзеньня крэпасьці былі створаны 14 будаўнічых участкаў, але да пачатку Першай сусьветнай вайны ніводзін зь іх ня быў завершаны.

Збудаваньні гарадзенскай крэпасьці таксама ўваходзілі ў склад 68‑га гарадзенскага ўмацаванага раёну, пабудаванага ў 1940‑41 гадах у Заходняй асобай ваеннай акрузе. З гарадзенскімі фартамі зьвязаны і трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны: зьнішчэньне гітлераўцамі мірных жыхароў у форце ІІ і спроба савецкіх войскаў утрымаць у ліпені 1944 пляцдарм у раёне форту І.

Паводле: Ірына Трубач, БЕЛТА

Глядзі яшчэ:
Сайт «Фарты гарадзенскай крэпасьці»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0