2 месяцы таму ў Салігорску па адрасе Казлова, 33Б адкрылася новая кавярня пад назвай «Кава». Адметнасць установы ў тым, што яна цалкам беларускамоўная. Калі ў Мінску ўжо цяжка кагосьці здзівіць беларускамоўнай кавярняй, то па-за сталіцай адкрыццё такіх устаноў — новы трэнд.

Як адчувае сябе беларускамоўны дробны бізнэс па-за межамі Мінска, ці гатовыя нашы людзі да еўрапейскага адпачынку і як жыхары 100-тысячнага прамысловага горада ставяцца да беларускамоўнага сэрвісу? Гэтыя пытанні «Наша Ніва» абмеркавала з беларускамоўнай барысткай салігорскай кавярні «Кава» Хрысцінай Самойлавай.

НН: Хрысціна, як узнікла ідэя стварэння беларускамоўнай кавярні ў Салігорску?

ХС: Насамрэч, гэта ідэя нашага дырэктара Аляксея. Раней ён сам працаваў барменам, але цяпер у Аляксея некалькі розных кірункаў бізнэсу. Можна сказаць, што гэта была яго прынцыповая пазіцыя — стварыць такі своеасаблівы асяродак беларушчыны.

НН: Ці не баяліся вы таго, што ідэя сябе не апраўдае? Ці не баяўся Ваш дырэктар таго, што салігорцы будуць пабойвацца хадзіць у беларускамоўную ўстанову?

ХС: Абсалютна не баяліся. Вядома, у сталіцы прасцей зрабіць што-небудзь падобнае. У вялікіх гарадах канцэнтруецца інтэлігенцыя, шмат творчых асоб, якія больш прыязна ставяцца да беларускай мовы. Адпаведна, можна знайсці больш кліентаў. Але я мяркую, што гэта няправільна. Мусяць развівацца і сярэднія гарады (такія, як Салігорск), і невялікія мястэчкі. Як у Еўропе. Салігорск, як і іншыя падобныя гарады, не павінен быць на перыферыі. Мы хочам, каб «мяккая беларусізацыя» і іншыя пазітыўныя працэсы, якія зараз адбываюцца ў Мінску, не праходзілі міма і нашага горада. У пэўным сэнсе гэта наша місія.

НН: Наколькі наогул кавярні папулярныя сярод жыхароў Салігорска?

ХС: Даволі папулярныя. Побач з намі знаходзяцца ўжо некалькі кавярань, якія адкрыліся адносна нядаўна. Таму канкурэнцыя ў нас высокая.

Раней людзі хадзілі ў кавярні проста на каву. Цяпер кавярні паступова становяцца асяродкам для вольнага часу, нефармальных зносін, пэўнай атмасферы. Людзі заходзяць да нас не толькі па каву, але і каб пачытаць кніжку, пагутарыць за жыццё ці нават у нарды пагуляць. Адбываецца пэўная «еўрапеізацыя» ў гэтай сферы і гэта не можа нас не радаваць.

НН: Напэўна, некаторыя заходзяць да вас не толькі кавы папіць альбо кніжку пачытаць. 

ХС: Так, тут недалёка ад нас ёсць прадуктовая сеткавая крама. Побач з ёй часам збіраюцца аматары іншых напояў.

НН: Хто часцей завітвае да вас, якія ў вас кліенты? І як салігорцы ставяцца да беларускамоўнага сэрвісу?

ХС: Кліенты ў нас самыя розныя. І моладзь, і сталыя людзі. І мужчыны, і жанчыны. І беларускамоўныя, і рускамоўныя. Мы радыя бачыць кожнага.

Што тычыцца беларускай мовы, то рэакцыі бываюць розныя. У большасці выпадкаў людзі ставяцца пазітыўна альбо нейтральна да маёй беларускай мовы. Шмат людзей пытаюцца ў мяне, чаму я гавару па-беларуску. Але гэта не адмоўная рэакцыя, тут больш здзіўлення і цікаўнасці.

Калі казаць пра неадэкватныя і беларусафобскія паводзіны некаторых кліентаў, яны таксама ёсць, але ў малой колькасці. За 2 месяцы работы я можа трох такіх сустракала. Тыя, хто ставіўся негатыўна да беларускай мовы, у якасці аргумента выкарыстоўвалі сітуацыю ва Украіне, казалі пра «бандэраўцаў». Карацей, рэтрансліравалі трызненне расійскіх СМІ і плявузгалі абы-што. Адзін нават спытаў мяне: «А почему это Вы по-украински разговариваете?» Чалавек робіць такія заявы, хаця, шчыра кажучы, да лінгвіста ён не быў падобны. Хутчэй, на аматара моцных спіртных напояў. Але я паўтаруся, што гэта адзінкавыя выпадкі.

Мы былі гатовыя да таго, што ў нашым грамадстве ёсць і такія беларусафобы. Канечне, яны будуць незадаволеныя. Але мы не супраць таго, што яны не будуць нашымі кліентамі. Для нас гэта не надта вялікая страта.

НН: Але баяцца пераходзіць на беларускую мову прадпрымальнікам і бізнэсменам не варта?

ХС: Баяцца дакладна не варта! Па-першае, як мінімум вы нічога не страціце. Паверце, большасць людзей прыязна да гэтага паставіцца. Па-другое, гэта цудоўная магчымасць зрабіць нешта карыснае для сябе, свайго асяроддзя і сваёй краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?