На ўваходзе ў студыю ў сутарэнні на Варанянскага — пар 50 абутку.

На любы густ. Сёння тут рэпетуюць «Народны альбом», прычым цэлым аркестрам. Кіруе працэсам Лявон Вольскі — ён адказны за музычную частку вялікай дзеі, якой стане «Народны альбом» 4 верасня ў Падляшскай оперы ў Беластоку. Там чакаецца грандыёзны юбілей першага беларускага супольнага музычнага праекта.

«Шчыра кажучы, я эйфарыю адчуваю, — у перапынку прызнаецца Вольскі. —

Такім складам гэта ніколі не гралася. Але я гляджу, што ўсё складаецца, з музычнага боку, прынамсі».

Сёння тут першая рэпетыцыя поўным складам (дагэтуль кожны «элемент» разбіраў ноты): «касцяк» Apple Tea (Сацэвіч, Сапега, Гарачы і Філіпеня), квартэт «Акварэль» (кантрабас, габой, скрыпка, альт), Сяргей Канановіч з мандалінай, Пафнуцій Кузюкян з сябрам-трамбаністам, дзве бэк-вакалісткі, Лявон, Кася Камоцкая і Зміцер Вайцюшкевіч з кларнетам і дудачкай (Вераніка Круглова, Сяргей Ахрамовіч і Аляксандр Памідораў на пад'ездзе). Адну за адной музыкі праганяюць песні, якія, натуральна, набываюць новае, больш сучаснае гучанне. 

Напрыклад, «Аліцыя» гучыць яшчэ больш кранальна, чым у арыгінале.

Кася Камоцкая кажа, што словы гэтай песні амаль цалкам памятае. А вось іншыя пазабывалася:

«Мне трэба будзе іх ці вучыць ці ставіць пюпітр. Мы — іншыя. Песні — тыя ж».

Праца кіпіць. За шклянымі дзвярыма гучаць «Раз, два тры», «Кантрабандысты», музыкі ўзгадняюць тэмпы, бывае, па некалькі разоў прайграюць уступ, жартуюць, вырашаюць, як спяваць «Простыя словы» — па два радкі ці куплетамі. А ў малым пакойчыку, што з абуткам, Алена Ігруша (яна адказвае за касцюмы і сцэнаграфію канцэрта) кіруе прымеркай Змітру Вайцюшкевічу вобраза аргентынскага эмігранта. Дзіму падабаецца такая сустрэча са старымі сябрамі:

«Для мяне гэта радасць — паглядзець на ўсе нашыя вар'яцтвы, якія адбываліся 20 гадоў таму, свежымі, больш дарослымі вачыма.

Але практыка паказвае, што не заўсёды музыка якасная, зробленая праз 20 гадоў, адпавядае пажаданням аўдыторыі. Аднак я ўсё ж рады, што яна стала якасней». 

Адраджэннем «Народнага альбома» займаецца тэлеканал «Белсат». З музыкамі падпісаныя кантракты. Праўда, лічыць Вайцюшкевіч, удзел у праекце — хутчэй, на сяброўскіх пачатках, як было і ў 97-м, калі ўсё пачыналася. І ў гэтым таксама ёсць свой плюс:

«На захадзе ёсць фэсты, дзе музыкі прынцыпова выступаюць бясплатна. Іншыя рэчы, як сяброўства і музыка, цяпер выходзяць на першы план. Мы традыцыйна спазняемся. Гэта нармальна».

Музыкі, якія занялі месца «энэрэмаўцаў» і цяпер акампануюць Вольскаму і кампаніі, у захапленні ад таго, што адбываецца. Хаця далёка не ўсе да моманту запрашэння ў праект мелі ўяўленне, што такое «Народны альбом».

Напрыклад, 25-гадовыя бэквакалісткі Вольга і Аляксандра, ніколі не былі на канцэртах праекту (і не дзіва, бо апошні раз праект граўся ў 2008-м), але адна з іх чула песні з яго ў дзяцінстве, а другая вывучала ва ўніверсітэце ў межах прадмета… «беларуская музыка».

А для музыкаў Apple Tea ўдзел у праекце — і знаёмства больш блізкае, і досвед новы:

«Граць альбом проста, музыка падобная да вяселля. Але шмат нот грае шмат хто, а сыграць тры ноты і правільна, каб яны былі на сваім месцы, таксама патрэбны прафесіяналізм», — распавядае бубнач гурта Аляксандр Сапега.

Усе музыкі, якія ўдзельнічаюць у адраджэнні «Народнага альбома», мараць пракаціць яго па Беларусі, паказаць у «Палацы рэспублікі», філармоніі, а таксама завезці ў Маскву і Вільню.

Тым больш, што па задуме аўтараў «рэюніяна» там будзе не толькі што паслухаць, але і паглядзець. Касцюмы ў каларадскія жукі, масоўка, сцэнаграфія, магчыма, запрошаныя акцёры. Але што будзе на сцэне, і музыкі, і рэжысёр пакуль маўчаць.

«Мне вельмі падабаецца «Народны альбом», таму што ў ім ёсць перад усім сэрца, душа, вялікая музыкальнасць, мудрасць, да таго ж, у ім можна пастаянна вышукваць розныя падтэксты, — толькі ўсяго і кажа Конрад Смуга, вядомы польскі тэлерэжысёр, які займаецца рэжысурай праекту. — Мяркую, што дзею не трэба рабіць за вельмі сучаснай, каб не забіць дух, які там ёсць. Мне падаецца, у гэтым няма патрэбы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?