Цэнтрвыбаркам на пасяджэнні 23 жніўня прыняў рашэнне аб рэгістрацыі 56 кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.

«Вылучэнне адбылося ў адпаведнасці з законам, усе кандыдатуры адпавядаюць патрабаванням, якія прад'яўляюцца заканадаўствам», — заявіла на пасяджэнні старшыня Цэнтральнай камісіі Лідзія Ярмошына.

Пры гэтым яна адзначыла, што адзін з прэтэндэнтаў з'яўляецца членам урада — міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна. У адпаведнасці з заканадаўствам, член Савета Рэспублікі не можа ўваходзіць у Савет міністраў. У сувязі з гэтым, паведаміла Ярмошына, Шчоткіна дала абавязацельства выйсці з урада пасля абрання членам Савета Рэспублікі.

Кандыдатамі ў члены верхняй палаты беларускага парламента, у прыватнасці, з'яўляюцца дзейны старшыня верхняй палаты парламента Міхаіл Мясніковіч, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, пасол Беларусі ў Японіі Сяргей Рахманаў, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, першы сакратар Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Андрэй Белякоў, дырэктар комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» Рыгор Бысюк, старшыня Рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц, старшыня Гродзенскага абласнога савета дэпутатаў Ігар Жук, дырэктар рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Алег Суконка, старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Агракамбінат Сноў» Мікалай Радаман і іншыя.

Выбары членаў Савета Рэспублікі будуць праходзіць з 25 жніўня па 13 верасня на пасяджэннях дэпутатаў мясцовых саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню ў кожнай вобласці і дэпутатаў Мінскага гарадскога савета дэпутатаў.

Ад кожнай вобласці і Мінска ў Савет Рэспублікі абіраецца па восем чалавек. Яшчэ восем чалавек у верхнюю палату парламента мае права прызначыць прэзідэнт

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?