10 верасня на фестывалі «Камяніца», які адбудзецца пра падтрымцы Банка БелВЭБ, у гледачоў будзе ўнікальная магчымасць пабачыць паўнавартасны беларускі вясельны абрад у народным стылі. Арганізатары шукаюць для яго закаханую пару з сур’ёзнымі намерамі.

Паказ вяселля будзе арганізаваны ў межах фестывальнай прэзентацыі музычнага кампакт-дыска «Песні і найгрышы вяселля вёскі Лявонпаль і яе наваколляў у запісах Сяргея Панізніка 1968-1969 гадоў», матэрыял для якога быў запісаны амаль 50 год таму ў Міёрскім раёне Віцебскай вобласці. У абрадзе возьмуць удзел Сяргей Доўгушаў (гурт Vuraj), Юлія Літвінава, сябры Студенцкага этнаграфічнага таварыства (СЭТ) і, абавязкова, гледачы.

— Натуральна, што маладыя мусяць мець сур’ёзныя намеры — дзеля жарту такія рэчы рабіць не трэба, — кажа кіраўнік праекта Сяргей Доўгушаў. — Мы будзе намагацца аднавіць атмасферу вясковага вяселля таго часу. Будзе нават стол з аўтэнтычнымі прысмакамі. Прагучаць і застольныя песні, і танцавальныя мелодыі: полькі, вальсы, кракавяк. Разам з тым навучым усіх танцаваць.

Пачатак абраду запланаваы на 15.00 каля кафэ «Беларуская карчма», на тэрыторыі Музею народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам, дзе будзе адбывацца фэст. Працягласць абраду — каля 90 хвілін.

Жадаючыя стаць жаніхом і нявестай павінны даслаць свае фота ў народных строях на адрас [email protected] не паздней за 1 верасня.

Дыск «Песні і найгрышы вяселля вёскі Лявонпаль…» з падрабязным буклетам пра вясельныя традыцыі тых часоў ужо можна набыць у Мінску ў крамах «Рагна», «Арт-сядзіба», а таксама інтэрнэт-краме Prastora.by з дастаўкай па ўсім свеце.

Хэдлайнерамі «Камяніцы 2016» будуць этна-трыа «Троіца» і Іна Жаланная (Расія). Таксама выступяць фолк-рокеры «Тарута» (Украіна), этна-трансавы калектыў «Оле-Лукойе» (Расія), рок-гурт Re1ikt (Беларусь), фолк-ансамбль «Ветах» (Беларусь), спявачка Паліна Рэспубліка (Беларусь) і іншыя музыкі.

Квіткі на фестываль ужо ў продажы пра сайт і касы аператара ByCard. Дарослыя — 10 рублёў, студэнты — 7 рублёў, школьнікі — 5 рублёў. Дашкольнікі і гледачы ў поўных нацыянальных строях (ад абутку да галаўнога ўбора) праходзяць бясплатна.

Сачыце за навінамі фестывалю ў фэйсбуку, у vk.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0