Амбіцыі. Вось у чым штука. Славалюбства.

Выступае Лагвінец па тэлеку. І Карбалевіч там жа. Мажэйка, Шрайбман. А насупраць, напрыклад, Дзермант ці Пятроўскі. А паміж імі — Гігін. А ў «Клубе рэдактараў» Дынько ці Чалы. А насупраць — найлепшыя людзі горада. Навошта ім Дынькі, Лагвінцы, Карбалевічы, Шрайбманы, Мажэйкі?

Ну а што рабіць, калі ты хочаш зрабіць не адну перадачу, а шмат-шмат-шмат перадач. Выходзіць раз на тыдзень у гальштуку і самому сабе здавацца рэспектабельным? Скажам, паклічаш ты адзін раз Дзерманта. Другі раз — Дзерманта і Улаховіча. І нават Пятроўскага ўжо не запросіш, бо навошта два Дзерманты побач з Улаховічам? Ну і вось. Будуць сядзець Улаховіч з Дзермантам і спрачацца: Русь саборная ці саборная Русь? Лукашэнка свеціць нам і грэе з тэмпературай у 6 тысяч кельвінаў, як сонечная паверхня, ці мульён з хвосцікам — як сонечнае ядро. І ты іх ні перабіць не можаш, ні ўклініцца, бо даказваць, што мульён з хвосцікам — нерэспектабельна, калі ў цябе ўжо дваццатая перадача.

А пасля ты глядзіш, што нават Салаўёву патрэбныя ўсялякія там Велеры і Быкавы, якіх можна ненавідзець разам з Жырыноўскімі і Дугінымі. А яшчэ пасля заўважаеш, што нават Лукашэнку патрэбна Меркель, бо і ён хоча пабыць рэспектабельным, раз маладосць сышла і цяпер: рэспектабельнасць альбо смерць, а хутчэй нават адно за адным па чарзе.

Таму ты рана ці позна запросіш Гайдукевіча. І будуць у цябе Гайдукевіч, Дзермант і Улаховіч. Але Гайдукевіч з усімі згодны, вось у чым бяда. Ен шматслоўна, гучна і бескампрамісна з усімі згодны. І ты робіш яшчэ адзін маленькі крок. А маленькі крок для Гігіна, як сказаў бы Армстранг, — гэта агромністы скачок для ўсяго чалавецтва. І вось у цябе з'яўляюцца Карбалевіч і Лагвінец. І аказваецца, што калі нехта называе Лукашэнку чорнай дзірой, то іншы можа яго назваць белай, а нехта зноў сказаць, што Лукашэнка — сонейка на 6 тышч кельвінаў, а Гігін можа быць рэспектабельным. Бо рэспектабельны чалавек павінен сябе і паводзіць рэспектабельна, то бок найперш прызнаваць за апанентам права на ўласнае меркаванне. Гэта вельмі-вельмі рэспектабельна. А яшчэ нагадваць, што трэба паважаць адзін аднаго, «гаспада». Гэта таксама рэспектабельна. І паступова ўсе гэтыя праклятыя Карбалевічы і Лагвінцы, разам з іхняй «Пагоняй», становяцца неабходнай часткай тваёй рэспектабельнасці. Без іх — нікуды.

Думаю, наша вялікае шчасце ў тым, што пры адсутнасці ідэалогіі як светапогляднага шаблона, тое, што яе замяняе — гэта моўная плынь сітуацыйна згодных. А сітуацыйна згодныя за адсутнасцю ідэалогіі самі мяняюць сітуацыю пад уладай сваёй жа прагі рэспектабельнасці. Гігіну не падаецца, што рэспектабельнасць Гігіна — пагроза ідэалогіі як сістэме. Але ён не бачыць, што ідэалогіі няма. А ёсць ягоная моўная плынь, якая няўмольна ў пагоні за самазадавальненнем прывядзе яго туды, дзе безамбітны Гігін не хацеў бы апынуцца. Умоўны амбітны Гігін — горшы вораг безамбітнага. Ён не бачыць, як змей Ураборас паядае сам сябе. Не бачыць і нават не прыглядаецца, бо гэта выглядае не вельмі рэспектабельна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0