Ва ўрадзе Беларусі разлічваюць утрымаць інфляцыю ў 2016 годзе ў межах 12%. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў 23 жніўня паводле вынікаў сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам урада і Нацбанка.

«Мы інфармавалі, што, на жаль, у той матрыцы задач, якая вызначаная кіраўніком дзяржавы, з сямі паказчыкаў выкананы адзін, але вельмі важны. Гэта паказчык інфляцыі. Мы ўжо ўвайшлі ў нармальны рэжым і разлічваем, што паводле вынікаў года, як і меркавалася, інфляцыя не перавысіць 12%», — сказаў Кабякоў.

Прэм'ер-міністр паведаміў, што на працягу першай паловы жніўня «нават назіралася дэфляцыя, якая ў тым ліку звязаная з сезонным фактарам».

Паводле яго слоў, кіраўніка дзяржавы таксама праінфармавалі, што па большасці астатніх паказчыкаў працы эканомікі «прысутнічае станоўчая дынаміка, якая характарызуе якасныя змены ў эканоміцы». «Мы паступова вяртаемся на траекторыю аднаўлення эканамічнага росту», — заявіў Кабякоў.

Ён адзначыў, што на нарадзе Лукашэнку «падрабязна праінфармавалі аб сітуацыі на знешніх рынках, суадносінах экспарту і імпарту, плацежным балансе краіны, абмеркаваныя пытанні, якія тычацца функцыянавання праблемных дзяржпрадпрыемстваў, разгледжанае выкананне праграмных мер па скарачэнні перакрыжаванага субсідавання ў сферы ЖКГ».

Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур паведаміў пра сітуацыю на валютным рынку і ў банкаўскім сектары. Далейшыя дзеянні па зніжэнні стаўкі рэфінансавання будуць цесна ўвязаныя з плацежным балансам краіны, заявіў Калаур. «Што да далейшых крокаў, безумоўна, мы будзем паступаць вельмі ўзважана, асцярожна, ацэньваючы ў першую чаргу стан плацежнага балансу, робячы адпаведныя прагнозы на будучыню», — сказаў ён.

«Пазітыўныя вынікі манетарнай палітыкі шмат у чым абумоўленыя тымі мерамі, якія прымаюцца ў фіскальнай і эканамічнай сферах. Праводзячы такую збалансаваную палітыку, маючы пазітыўны вынік па інфляцыі, па сітуацыі на валютным рынку, праўленне Нацбанка свядома і цалкам прафесійна зрабіла выбар у частцы таго, каб яшчэ раз знізіць стаўку рэфінансавання. Мы ведаем, што гэта клікала пэўную дыскусію грамадскасці. Але тым не менш гэта абсалютна свядомыя і прафесійныя дзеянні з улікам той макраэканамічнай сітуацыі, якая складваецца ў эканоміцы», — адзначыў Калаур.

Стаўка рэфінансавання 17 жніўня была зніжаная на 2 працэнтныя пункты да 18% гадавых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?