Замест паўторнай індэксацыі расійскім пенсіянерам аднаразова выплацяць 5 тысяч расійскіх рублёў (77 даляраў), заявіў прэм'ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў. Выплаты будуць зробленыя толькі ў 2017 годзе.

«У першым паўгоддзі, калі сітуацыя была ў эканоміцы зусім складанай, а інфляцыя дарасла да пэўнага ўзроўню, мы правялі частковую індэксацыю пенсій за папярэдні перыяд — на 4%. Цяпер мы не маем дастаткова рэсурсаў, каб правесці індэксацыю пенсій у другім паўгоддзі ў звычайнай форме», — сказаў прэм'ер пасля ўрадавай нарады ў аўторак.

«Я стаю на прынцыповай пазіцыі: з людзьмі трэба гаварыць сумленна і не абяцаць таго, што мы сёння выканаць не можам, але выконваць тое, што раней абяцалі, няхай нават і ў іншай форме», — заявіў Мядзведзеў, кажучы пра прынятае рашэнне.

Мядзведзеў паабяцаў, што ў пачатку 2017 года пенсіі будуць індэксаваць ужо цалкам. «Лютаўская індэксацыя будзе праведзеная ўжо ў звыклай форме па выніках назапашанай інфляцыі за 2016 год, гэта значыць у поўным аб'ёме», — сказаў прэм'ер, дадаўшы, што даручыў Мінфіну адшукаць для гэтых мэтаў каля 270 млрд рублёў.

Паводле расійскага заканадаўства, пенсіі павінны індэксавацца на ўзровень інфляцыі мінулага года, які ў 2015 годзе дасягнуў 11,9%. Па выніках першага паўгоддзя з-за цяжкай эканамічнай сітуацыі улады Расіі павялічылі пенсіі ў 2016 годзе толькі на 4%. Такім чынам, рэальныя даходы 40 мільёнаў расійскіх пенсіянераў зменшыліся.

Па стане на сакавік сярэдні памер прызначанай штомесячнай пенсіі ў Расіі склаў 12,397 руб (191,4 даляра). Будучы праіндэксаванай на 8%, гэтая пенсія вырасла б на 1000 рублёў у месяц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?