Жонка забітага Саламона Ясмана ідзе на першае судовае пасяджэнне, 16 жніўня. Фота: Яўген Ціхановіч

У Баранавічах судзяць падазраванага ў забойстве і расчляненні грамадзяніна ЗША Саламона Ясмана.

Абвінавачаны мужчына не прызнае сваёй віны ў разбойным нападзе на ахвяру, здзеку з трупа і адмаўляе тое, што забіты быў у бездапаможным стане.

Па словах падсуднага, у той вечар яны з Саламонам глядзелі выступленне беларускага прэзідэнта па тэлевізары.

— Саламон непахвальна выказваўся пра кіраўніка дзяржавы, сказаў, што той краіну на калені паставіў, — распавёў пра пачатак канфлікту мужчына. — Потым сказаў, што беларусы ўсё сцерпяць, а за 10 даляраў мінет любому зробяць. Я не стрымаўся і ўдарыў яго ў сківіцу.

Пасля гэтага, па сведчаннях затрыманага, пачалася бойка, падчас якой ён задушыў Ясмана. Падсудны вырашыў пазбавіцца трупа. Ён сцвярджае, што з-за хваробы не мог падняць цела забітага, таму вырашыў расчляніць труп.

Затрыманы прызнаўся, што ўмеў разбіраць жывёл, бо 8 гадоў таму займаўся гадоўляй і забоем свіней.

Узброіўшыся кухонным нажом, падсудны расчляніў труп, склаў часткі цела ў скруткі і ў вёдры, вывез іх на сваёй машыне за горад і закапаў. Сваю вопратку злачынец пасля гэтага спаліў. Мужчына сцвярджае, што 2500 даляраў ЗША ў забітага не браў — узяў толькі фотаапарат, мабільны тэлефон, алкаголь, розныя манеты, пральны парашок і выпадкова прыхапіў від на жыхарства забітага. Пазней у вокладцы дакумента знайшоў 200 даляраў ЗША.

22 сакавіка абвінавачанага выклікалі ў міліцыю на апытанне, якое праводзілі з выкарыстаннем паліграфа. Прыбор паказаў, што мужчына кажа няпраўду, пасля чаго падазраваны напісаў яўку з павіннай.

Забіў, расчляніў, абакраў

На першым судовым пасяджэнні, якое адбылося 16 жніўня, абвінавачаны папрасіў перанесці слуханні, бо яго абаронца знаходзіцца ў адпачынку. Суд задаволіў хадайніцтва. Падазраванаму прад'явілі абвінавачванне па некалькіх артыкулах — за забойства чалавека, які знаходзіцца ў бездапаможным стане, разбой, здзек з трупа, крадзеж і знішчэнне дакументаў.

«Трапіўшы ў кватэру, я адразу зразумела, што нешта не так. Кілімкі ляжалі не так, як я паклала, зніклі рэчы, а ў калідоры засталася маленькая плямка крыві. Я выклікала міліцыю», — распавяла Таццяна, жонка забітага.

Абвінавачаны скраў з кватэры Ясмана дарагі алкаголь, тэхніку, набор гаечных ключоў, складны і паляўнічы нажы, калекцыйныя і звычайныя манеты розных краін, а таксама ўсе наяўныя грошы і банкаўскую карту Саламона. Забойца забраў нават жэтоны для праезду ў нью-ёркскім метро. Агульная сума шкоды — 106,5 млн недамінаваных рублёў (амаль 5500 даляраў ЗША).

Жонка Саламона Ясмана Таццяна распавяла, што пасля смерці мужа аказалася без сродкаў.

— Сваякі дапамаглі, сабралі грошы на пахаванне. А дзіця засталося без таты і без сродкаў. Каб жыць, мы прадаём золата, якое ў мяне засталося, — распавяла Таццяна.

Доўгі час жанчына не працавала, яе і сына забяспечваў Саламон.

«Быў вінен буйную суму»

Саламон Ясман — грамадзянін ЗША. Працяглы час ён жыў у Нью-Ёрку, працаваў кіроўцам лімузіна. У Баранавічах жывуць яго сваякі. У адзін са сваіх візітаў Ясман пазнаёміўся з Таццянай, яны пажаніліся. У 1999 годзе Таццяна пераехала да мужа ў Нью-Ёрк. Там нарадзіўся іх сын Дэвід. Цяпер хлопчыку 15 гадоў. Пражыўшы некалькі гадоў у Нью-Ёрку, Таццяна з сынам вярнулася ў Баранавічы. Жанчына кажа, што ёй было цяжка жыць у ЗША. Саламон застаўся ў Амерыцы і часта прылятаў да сям'і ў госці. У 2010 годзе Ясман пераехаў у Баранавічы.

— Мы з сынам жылі на «пасёлку», а муж — у цэнтры горада. Наша кватэра не дазваляе жыць усім разам. Акрамя таго, Саламон быў капрызным, шмат курыў. Мы вырашылі, што так будзе лепш, — распавяла Таццяна Ясман.

Саламон, па словах Таццяны, любіў зносіны, гуляў у казіно, да яго часта прыходзілі госці. Некалькі гадоў таму ў казіно ён і пазнаёміўся з абвінавачаным, падтрымліваў з ім прыяцельскія адносіны.

— Саламон быў добрым і спакойным чалавекам. У казіно шмат каму пазычаў грошы. Абвінавачаны вінен быў майму мужу буйную суму, — распавяла Таццяна.

Жанчына мяркуе, што, калі б не доўг абвінавачанага, яе муж застаўся б жывы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?