Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін паскардзіўся канцлеру Германіі Ангеле Меркель і прэзідэнту Францыі Франсуа Алянду на «грубую правакацыю» з боку Украіны ў Крыме.

«Схільнасць Кіева да такога роду сілавых дзеянняў наносіць шкоду мінскаму працэсу і супрацоўніцтву ў рамках «нармандскага фармату», — цытуе прэс-служба Крамля словы Пуціна, сказаныя ім падчас тэлефоннай размовы з Меркель і Аляндам.

У паведамленні гаворыцца, што лідары трох краін абмеркавалі сітуацыю ва Украіне, у тым ліку выкананне мінскіх дамоўленасцей, правядзенне ва Украіне канстытуцыйнай рэформы і замацаванне асаблівага статусу Данбаса.

Паводле дадзеных прэс-службы, Пуцін, Меркель і Алянд дамовіліся правесці сустрэчу ў рамках саміту «Вялікай дваццаткі» ў Кітаі 4-5 верасня. Тэмай абмеркавання таксама стане мірнае ўрэгуляванне збройнага канфлікту на ўсходзе Украіны.

Раней правесці такую сустрэчу заклікала Украіна, пры гэтым яна планавала таксама ўзяць у ёй удзел. Аднак цяпер інфармацыі пра магчымы ўдзел прадстаўніка Украіны ў сустрэчы няма.

ФСБ Расіі 10 жніўня абвясціла аб прадухiленнi дыверсіі ў Крыме. У падрыхтоўцы інцыдэнту Расія абвінаваціла ўкраінскія спецслужбы. Пуцін пасля паведамлення ФСБ заявіў, што ўлады Украіны «пераходзяць да практыкі тэрору».

Украінскі бок адмаўляе абвінавачванні ў падрыхтоўцы нападу на паўвостраве і называе паведамленні ФСБ выдумкамі. На думку Кіева, за кошт абвінавачванняў у адрас Украіны Расія спрабуе апраўдаць мілітарызацыю анексаванага паўвострава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?