Невядомы мужчына пагражае ўчыніць выбух у банку ў цэнтры Масквы, паведамляе прэс-служба расійскага МУС.

На Вялікай Нікіцкай вуліцы знаходзяцца аўтамабілі хуткай дапамогі, паліцыі і пажарных

«Сёння каля 18:45 у аддзяленне банка на Вялікай Нікіцкай вуліцы Масквы ўвайшоў мужчына. Мяркуецца, у памяшканні ў гэты момант знаходзіліся трое работнікаў установы і адзін наведвальнік», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні ведамства.

Месца здарэння ачэплена паліцыяй. Да банка прыбылі байцы САХР.

Гаворка ідзе пра аддзяленне «Сіцібанка» на Вялікай Нікіцкай вуліцы, паведамляюць СМІ. У самім банку паведамілі, што яго супрацоўнікі працуюць з праваахоўнымі органамі, каб улагодзіць сітуацыю ў самыя кароткія тэрміны.

Інтэрфакс паведамляе аб вызваленні дзвюх супрацоўніц банка. ТАСС паведамляе, што іх цяпер дапытваюць супрацоўнікі праваахоўных органаў.

На месца здарэння прыбыў кіраўнік сталічнай паліцыі Анатоль Якунін, які, па дадзеных Інтэрфакса, асабіста вядзе перамовы з захопнікам. Да будынка банка таксама прыехалі супрацоўнікі інжынерна-сапёрнага аддзялення паліцыі і супрацоўнікі пажарнай аховы.

Паліцэйская машына перакрыла Вялікую Нікіцкую вуліцу. Да будынка не пускаюць пешаходаў, а машыны просяць ехаць у аб'езд. На самой Вялікай Нікіцкай адключылі асвятленне, таксама святло выключылі ў будынку Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Чайкоўскага, якая знаходзіцца побач з банкам.

Нападніку на выгляд 50-60 гадоў. На шыі ў яго вісіць скрынка, абматаная скотчам, з якой тырчаць правады. Паводле дадзеных РІАН, мужчына нецвярозы.

Інтэрфакс са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах назваў імя падазраванага: паводле папярэдніх дадзеных, закладнікаў захапіў 55-гадовы прадпрымальнік Арам Петрасян, які аказаўся ў даўгах з-за праблем з бізнэсам. Петрасян, паводле дадзеных агенцтва, рэгулярна накіроўваў у розныя дзяржорганы ініцыятывы па падтрымцы бізнэсу.

Тэлеканал «Дождж» з дапамогай праграмы FindFace знайшоў старонку нападніка ў сацыяльнай сетцы УКантакце. Тэлеканал таксама называе імя Арама Петрасяна 1961 года нараджэння.

Петрасян размясціў у YouTube зварот да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, дзе папярэдзіў, што 24 жніўня 2016 года ён «будзе ісці на рэзкае рэзананснае парушэнне Крымінальнага кодэкса РФ». У відэазвароце ён апісвае, што на гэты крок яго штурхнула праблема банкруцтва юрыдычных і фізічных асоб, якую ён параўноўвае з «чумой». Ён скардзіцца на калектараў і банкі.

«Мне, паверце, губляць няма чаго. Усё, што было, я ўжо страціў», — кажа бізнэсовец.

Паводле яго слоў, ён патрабуе «прызнаць на дзяржаўным узроўні банкруцтва фізічных асоб і юрыдычных асоб хваробай», а таксама стварыць новы інстытут для вырашэння гэтых праблем. У відэа ён называе гэты інстытут «бальніцай для бізнэсоўцаў». Ён скардзіцца, што ёсць бальніцы для наркаманаў, ВІЧ-інфікаваных, але не для бізнэсоўцаў.

Закон аб банкруцтве фізічных асоб быў прыняты ў РФ яшчэ ў 2014 годзе і набыў моц мінулым летам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?