25 жніўня святкуецца 25-я гадавіна афіцыйнага і юрыдычнага атрымання Беларуссю статуса незалежнай і самастойнай дзяржавы. Менавіта ў гэты дзень у 1991 годзе Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, прынятая яшчэ 27 ліпеня 1990 года, набыла сілу канстытуцыйнага закону.

«Арт Сядзіба» пад агульнай назвай #Belarus25 сабрала насычаную праграму з 12 мерапрыемстваў і акцый, якія адбудуцца 25 жніўня і ў бліжэйшыя дні ў Мінску. Далучайцеся да святкавання 25-годдзя незалежнасці Беларусі!

Станаўленне незалежнай Рэспублікі Беларусь адбывалася паступова. З гэтым працэсам звязаны цэлы шэраг пераломных дат. Нягледзячы на тое, што Савецкі Саюз быў ліквідаваны толькі 8 снежня 1991 года, а суверэнітэт Беларусь абвясціла яшчэ 27 ліпеня 1990-га, менавіта з 25 жніўня 1991 года беларусы ўзялі лёс сваёй краіны ва ўласныя рукі.

Каб адсвяткаваць юбілей незалежнасці і самастойнасці нашай краіны, узгадаць і ўшанаваць важную падзею ў гісторыі Беларусі, «Арт Сядзіба» прапануе праграму з 12 мерапрыемстваў і акцый, якія гэтымі днямі праходзяць у Мінску.

Агульны хэштэг святкаванняў #Belarus25.

01. Незвычайныя ўлёткі-налепкі з «Пагоняй» ад Юрася Губарэвіча

Кандыдат у дэпутаты ад руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч і яго каманда 25 жніўня з 15.00 на пікетах ля станцый метро «Усход» і «Акадэмія навук» прэзентуюць незвычайныя ўлёткі, якія адначасова з’яўляюцца і наборамі налепак з нацыянальным гербам «Пагоня».

Ідэя вельмі простая: традыцыйна ўлёткі пасля прачытання ці не прачытання, але адразу ідуць у сметніцу, а тут гэта набор ламінаваных вінілавых налепак, якія захочацца пакінуць, бо яны добра будуць выглядаць на аўто, роварах ды розных гаджэтах.

Таксама па праспекту Незалежнасці з 15.00 ад «Акадэміі навук» да станцыі метро «Усход» будзе курсіраваць вела-пікет, які можна спыняць і атрымліваць налепкі ў кіроўцы.

Калі: 25 жніўня, 15.00.

Дзе: Мінск, пр. Незалежнасці, ля станцый метро «Усход» і «Акадэмія навук»

Арганізатар: Юрый Губарэвіч і рух «За свабоду».

02. Сустрэча з дэпутатамі Незалежнасці

Гэта святочная імпрэза, у якой возьмуць удзел дэпутаты Незалежнасці - людзі, якія стваралі гісторыю нашай краіны і змагаліся за яе самастойнасць. Унікальная магчымасць пабачыць і паслухаць герояў, якія стаялі напачатку зараджэння новай незалежнай Беларусі.

Калі: 25-га жніўня, 19.00.

Дзе: Мінск, пр. Газеты «Праўда» (ст. м. Пятроўшчына), д. 11, бізнэс-цэнтр IBB, канферэнц-зала.

Арганізатар: КХП-БНФ.

03. Мітынг з удзельнікамі партыі БНФ

Святкаванне ў гэты дзень будзе праходзіць у легальным фармаце: сустрэча-мітынг з удзельнікамі партыі БНФ і руху салідарнасці «Разам». Арганізатары заклікаюць браць з сабой нацыянальную сімволіку, сяброў, добры настрой і разам адзначаць адну з самых важных падзей у гісторыі Беларусі.

Калі: 25 жніўня, 19.00.

Дзе: Мінск, пр. Пераможцаў, 4, пляцоўка ля Палаца спорту.

Арганізатар: рух салідарнасці «Разам» і партыя БНФ.

04. Купалаўскія чытанні і святочнае рушанне па праспекце Незалежнасці 

Перад пачаткам святочнага шэсця па праспекту Незалежнасці «Малады Фронт» заклікае ўсіх патрыётаў прыняць удзел у «Купалаўскіх чытаннях»: трэба выбраць нацыянальна-патрыятычныя творы Янкі Купалы і прадэкламаваць іх ля помніка Янку Купалу.

У «Купалаўскіх чытаннях» прыме ўдзел нацыянальны паэт і рэвалюцыянер Славамір Адамовіч, які будзе ўзначальваць журы конкурсу і вызначыць пераможцаў, яны атрымаюць каштоўныя падарункі ад арганізатараў мерапрыемства.

Пасля конкурсу «Малады Фронт» запрашае ўсіх ахвотных на святочнае рушанне па праспекце Незалежнасці пад нацыянальнымі сцягамі Беларусі.

Таксама ў межах мерапрыемства адбудзецца акцыя #беларускаястужка з раздачай бел-чырвона-белай стужкі ад «Арт-Сядзібы».

Калі: 25 жніўня, 18.00.

Дзе: Мінск, парк Янкі Купалы, ля помніка паэту.

Арганізатар: Малады Фронт.

05. Пазнач сябе незалежным разам з symbal.by

25 жніўня абавязкова завітайце ў «Арт Сядзібу» і краму symbal.by - там бясплатна будуць раздаваць паштоўкі, бел-чырвона-белыя стужкі, наборы налепак з бел-чырвона-белымі сцяжкамі і гербам «Пагоня». Толькі ў гэты дзень на ўсе тавары (акрамя тых, што і так на акцыі) пры замове праз сайт symbal.by па промакоду Belarus25 будзе дзейнічаць зніжка 25%.

Калі: 25 жніўня, 11.00-20.00.

Дзе: Мінск, пр. Незалежнасці, д. 58, гандлёвы цэнтр «Маскоўска-Венскі» (наступны за ЦУМам), 4 паверх, пакой 430.

Арганізатар: «Арт Сядзіба» і крама symbal.by.

06. Канцэрт гурта «Крама»

25 жніўня ў клубе «Графіці» выступіць легендарны беларускі гурт «Крама» з лепшымі песнямі новага пакалення незалежных беларусаў.

Калі: 25 жніўня, 19.00.

Дзе: Мінск, зав. Калініна, 16, бар «Графіці».

Арганізатар: graffiti.by.

07. Канцэрт гурту «:B:N:»

25 жніўня з праграмай «Лепшае & Новае» для вас зайграе гурт «:B:N:». Арганізатары абяцаюць самы спякотны канцэрт жніўня ў клубе «Дуда Кінг».

Калі: 25 жніўня, 19.00.

Дзе: Мінск, вул. Берсана 44, бар «Дуда Кінг».

Арганізатар: Пан-студыя.

08. Творчы вечар Мікіты Найдзёнава

25 жніўня на свой творчы вечар запрашае лідар гурта «HURMA», паэт і музыкант Мікіта Найдзёнаў. Прагучаць новыя, вядомыя і невядомыя ягоныя песні і вершы. Падчас імпрэзы можна будзе задаваць пытанні, пісаць запіскі, а таксама натхняцца на ўласныя вершы і песні.

Калі: 25 жніўня, 19.00.

Дзе: Мінск, вул. Шорная 20, антыкафэ «Кто такой Джон Голт».

Арганізатар: Мікіта Найдзёнаў.

09. Канцэрт гуртоў Rokash і Адарвірог

25 жніўня ва ўтульнай абстаноўцы ILI клуба адбудзецца апошні канцэрт гурта «Rokash» ў 2016 годзе. Толькі найлепшыя кампазіцыі, выдатны гук і цёплая сяброўская атмасфера. Разам з Rokash выступіць гурт «Адарвірог, які грае выдатны фольк-метал, прасякнуты легендамі, паданнямі і атмасферай слаўнай беларускай мінуўшчыны.

Калі: 25 жніўня, 19.00.

Дзе: Мінск, пр-т Незалежнасці 131/1, клуб «ILI».

Арганізатар: гурт «Rokash».

10. Выстава «Межы Іншага»

Часопіс CityDog.by ў межах праекта «Мінскія дыяспары» прадстаўляе выставу «Межы Іншага» групы «Вера». Галоўнай тэмай выставы, якая адкрыецца 25 жніўня ў 19:00 у ангары «ЦЭХа», з’яўляюцца ўяўленні пра беларускую талерантнасць у час вайсковых канфліктаў і міграцыйнага крызісу.

«Межы Іншага» — гэта спроба аналізу адкрытасці беларускага грамадства да новых абставінаў. Беларусь мае сваю гісторыю мультыкультуралізму — стагоддзямі розныя этнічныя групы мірна суіснавалі на гэтай тэрыторыі. Але палітычная сітуацыя ў рэгіёне мяняецца, і той стэрэатып цярпімасці і ўзаемапавагі, які здаўна рэпрадуктуецца і ў дзяржаўнай ідэалогіі, і ў масавай свядомасці, сёння праходзіць праверку на практыцы. Зважаючы на гэта, група «Вера» даследуе сацыяльнае поле з мэтай выявіць найбольш яскравыя рэакцыі на такія перамены, праводзіць аналіз медыя, а таксама персанальнага досведу ўдзельнікаў. У выніку на выставе будуць прадстаўлены аб’екты і відэа, цытаты і дакументацыя, аб’яднаныя агульнай інсталяцыйнай рамкай.

Гэта выстава — дэбютны праект групы «Вера», якая сфарміравалася ў чэрвені 2016-га і яднае мастакоў і культурных работнікаў Веру Залуцкую, Аляксея Навумчыка, Антона Сарокіна і Аляксея Талстова. Выканаўчы куратар выставы — Аляксей Талстоў.

Калі: з 25.08.2016 па 31.08.2016 з 12:00 да 22:00. Уваход вольны.

Дзе: Мінск, вул. Кастрычніцкая, ангар прасторы «ЦЭХ».

Арганізатар: часопіс CityDog.by і група «Вера».

11. Вандроўка па старажытным Менску

25 жніўня праект «Вандроўкі ў мінулае» запрашае на бясплатную экскурсію «Падарожжа ў мінулае стагоддзе», якая прысвечана шматлікім таямніцам ды цікавосткам старажытнага і сучаснага Менску.

Маршрут: Тэатр Музкамедыі — Паўночны завулак — вуліца Калектарная — вуліца Мяснікова — плошча Незалежнасці. Сустракаемся ў 18.30 ля галоўнага ўваходу ў тэатр Музкамедыі.

Калі: 25 жніўня, 18.30.

Дзе: Мінск, вул. Мяснікова 44, ля ўваходу ў Музычны тэатр.

Арганізатар: праект «Вандроўкі ў мінулае».

12. Дабрачынны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча, прысвечаны памяці Алеся Чаркашына

30 жніўня ў актавай зале школы № 48 (побач з праспектам Пераможцаў, прыпынак «Камсамольскае возера») пройдзе канцэрт знакамітага беларускага артыста Змітра Вайцюшкевіча. Канцэрт з нагоды 25-годдзя незалежнасці Беларусі прысвечаны памяці Алеся Чаркашына, верніка і барда, капелана беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, які загінуў год таму. Мерапрыемства пройдзе ў рамках сустрэчы з выбарцамі хрысціянскай дэмакраткі Марыны Хоміч.

Нагадаем, 10 жніўня 2015 года Алесь Чаркашын быў цяжка паранены ў баі пад Старагнатаўкай на Данбасе, а 28 жніўня памёр ад ранаў. Падчас канцэрта можна будзе зрабіць ахвяраванні на помнік Алесю Чаркашыну, які плануецца адкрыць на могілках пад Берасцем на дзень нараджэння Алеся 27 верасня.

Калі: 30 жніўня, 17.30. Уваход вольны.

Дзе: Мінск, вул. Тарханава 14, актавая зала сярэдняй школы №14.

Арганізатар: Марына Хоміч і БХД.

Сябры, вашыя меркаванні, публікацыі і фотаздымкі, прысвечаныя 25-годдзю незалежнасці Беларусі, размяшчайце ў сацыяльных сетках з хэштэгам #belarus25. Аўтары найбольш яскравых матэрыялаў атрымаюць падарункі ад «Арт Сядзібы»! Святкуем 25-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларусі разам!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?