«25 жніўня — гэта трайное сьвята для кожнага патрыёта. Так 25 жніўня 1991 года на пазачарговым паседжаньні Вярхоўнага савета БССР Дэклярацыі аб сувэрэнітэце быў нададзены статус Канстытуцыйнага закону — першае сьвята. На тым жа паседжаньні парляманта была спынена дзейнасьць кампартыі — другое сьвята. І нарэшце трэцяе сьвята патрыёта: 25 жніўня сьвяткуе дзень народзінаў класік беларускай літаратуры Уладзімер Арлоў — ну і канешне мы не маглі прайсьці міма такой слаўнай падзеі, але самым ранкам прыйшлі да Ўладзімера Арлова, каб павіншаваць яго з народзінамі», — гаворыць лідар Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч.

Маладафронтаўцы падаравалі спадару Ўладзімеру бел-чырвона-белы букет ружаў, а таксама сымбалічныя падарункі: герб «Пагоню» ручной працы маладога скульптара Алеся Сакалова і Бел-чырвона-белы сьцяг, пашыты рукамі маладафронтаўцаў.

«Зычым вам, спадар Уладзімер, каб у наступным годзе ваш дзень народзінаў і Дзень Незалежнасьці Беларусі сьвяткаваўся на дзяржаўным узроўні, з усім наледным чынам, парадамі і гэтак далей!» — выказалі свае галоўныя зычаньні маладафронтаўцы.

Уладзімер Арлоў падпісаў некалькі сваіх кніг у падарунак удзельнікам «Купалаўскіх чытаньняў», якія пачнуцца а 18 гадзіне ля помніка Янку Купалу — духоўнаму лідару беларускага нацыянальнага Адраджэньня.

«Я гісторык па адукацыі і зьяўляюся прыхільнікам ангельскага філёзафа і гісторыка Арнольда Тойнбі, які вызначыў гісторыю, як няспынны дыялёг паміж Логасам — Богам і нацыямі. Бог пасылае нацыям выклікі і калі нацыі гэтыя выклікі не прымаюць — яны зьнікаюць з гістарычнай сцэны. Мы ведаем шмат нацыяў, якія зьніклі. У сьвеце каля трох тысяч нацый і толькі каля дзьвюхсот зь іх здолелі дамагчыся сваёй дзяржаўнасьці. І вось беларусы ў самыя небясьпечныя часы гісторыі ўсё ж такі знаходзілі ў сабе сілы прыняць выклік Бога і на яго адказаць. Таму мы маем сваю дзяржаву і таму я з аптымізмам гляджу ў будучыню нашага народа», адказаў Уладзімер Арлоў на маладафронтаўскія віншаваньні з народзінамі і Днём Незалежнасьці Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?