«Што да мяне, то я сваю пазіцыю ніколі не мяняў. Я яе мэтанакіравана адстойваў. Ёсць рэчы, якія трэба мяняць, у тым ліку трэба мяняць асобныя палажэнні ў законах аб беларускай мове», — сказаў Марзалюк, адказваючы на пытанне, што ім было зроблена для ўмацавання і развіцця беларускамоўнай адукацыі не толькі ў Магілёве, дзе такую адукацыю атрымлівае толькі адно дзіця, але і ва ўсёй краіне.

Ігар Марзалюк не стаў канкрэтызаваць, што менавіта неабходна мяняць «у законах аб беларускай мове», а таксама не стаў ацэньваць, як часта карыстаюцца беларускай мовай прадстаўнікі ўлады.

«У мяне ў пад'ездзе, як і ў іншых дамах, вісяць аб'явы з заклікам гарана і рана запісваць дзяцей у беларускія школы, у беларускія класы. Адкрываюцца першыя класы. Будуць жадаючыя, прыйдуць, укамплектуюць, будуць выкладаць дзве школы ў горадзе Магілёве. І гэта не БНФ робіць, не АГП і не іншая апазіцыя, а гэта робіць улада», — сказаў Марзалюк.

Каментуючы гэтыя сцвярджэнні Марзалюка, старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ Алег Дзячкоў выказаў меркаванне, што «Ігар Аляксандравіч проста не ў тэме».

«Аб'явы павесілі члены Таварыства беларускай мовы. Мы надрукавалі за свае грошы 2.000 аб'яў і зараз развешваем іх па горадзе», — сказаў Дзячкоў БелаПАН. Паводле яго слоў, гарадскі аддзел адукацыі і аддзел ідэалогіі два месяцы ўзгаднялі тэкст аб'яў. Акрамя таго, як адзначыў актывіст, кіраўніцтва аддзела адукацыі, паабяцаўшы праінфармаваць мэтавую групу — бацькоў будучых першакласнікаў — шляхам размяшчэння аб'яў у дзіцячых садках і школах, не зрабіла гэтага. З нагоды не выкананых гарадскімі чыноўнікамі абяцанняў Дзячкоў мае намер звярнуцца да намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерыя Малашкі.

Між тым Марзалюк таксама заявіў, што пасля 200 гадоў русіфікацыі немагчыма ўсё рэзка змяніць у моўных адносінах.

«Што тычыцца моўнай палітыкі, то яна павінна быць мудрай і акуратнай. І змены, калі глядзець не прадузята, — я не кажу, што толькі я араў, але і я араў таксама, — ёсць. І яны паслядоўныя, акуратныя, але па міліметрах», — сказаў сенатар. Ён адзначыў, што людзі, якія жывуць у Беларусі і якія размаўляюць на рускай мове, усё роўна лічаць роднай мовай беларускую.

«Цяпер беларуская мова асацыюецца з высокай культурай, інтэлігентнасцю. І беларуская мова, дзякуй Богу, нарэшце стала ўспрымацца як высокі, сакральны элемент дзяржаўнасці. Гэта самае галоўнае», — сказаў член Савета Рэспублікі.

Ігар Марзалюк лічыць, што «ёсць рэальна існуючая беларуская палітычная нацыя». «Сёння ў адрозненне ад 1993—1994 гадоў больш за 90% грамадзян краіны — за незалежнасць», — упэўнены кандыдат у дэпутаты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?