Сеніцкая выбарчая акруга №76 сёлета адзначылася даволі вясёлым наборам кандыдатаў у беларускі парламент. За крэсла дэпутата тут пазмагаюцца БНФавец Ілля Дабратвор і два прадстаўнікі кішэнных партый: «дзяржказак» Мікалай Улаховіч і Васіль Задняпраны. Улаховіч, які вылез на палітычную арэну напярэдадні мінулых прэзідэнцкіх выбараў, узначальвае Беларускую патрыятычную партыю, асноўная місія якой — падтрымка дзейнага кіраўніцтва краіны. Задняпраны таксама партыйны лідар, ён вядзе да светлай будучыні Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасці, сэнсу ў існаванні якой прыкладна столькі ж, колькі і ва ўлаховіцкай.
Трэба, праўда, прызнаць, што ўсе тры кандыдаты вартыя адзін аднаго. Ілля Дабратвор у сваім фэйсбуку абяцае патэнцыйным выбаршчыкам то пакатушкі на «Хамеры» (яго, праўда, у Дабратвора пакуль няма), то згаліць бараду (яна ў яго ўжо ёсць). А Задняпраны з Улаховічам ужо паспелі нават завочна пасварыцца, высвятляючы, хто з іх больш «прабеларускі кандыдат». Так што жыхароў той самай Сеніцкай акругі, мяркуючы па ўсім, чакае няпросты выбар.
З гэтай нагоды «Наша Ніва» выправілася ў аграгарадок Шчомысліца, каб паглядзець, як адзін з кандыдатаў — Мікалай Улаховіч — праводзіць свае сустрэчы з патэнцыйнымі выбаршчыкамі.
Шчомысліца сустракае прыемнай спёкай позніх жнівеньскіх дзён. Па вуліцах бегаюць малыя дзеці, паўнагадовая моладзь збіраецца на аўтобусным прыпынку, каб зганяць праветрыцца ў сталіцу — апошняя ж пятніца лета. У дарослых — праца і жніво, у моладзі набліжаецца вучоба… Тут нядзіўна і ўвогуле забыцца пра тыя выбары.
Затое пра іх не забыліся мясцовыя ўлады. Улёткі з фотаздымкамі кандыдатаў і плакаты з напамінам аб выбарах вісяць на мясцовым сельсавеце і пошце. На дзвярах сельсавета да таго ж — вялікая ўлётка з партрэтам Улаховіча і ягонай перадвыбарчай праграмай. Такая ж прылепленая і на дзверы мясцовай крамы разам з паперкай, якая паведамляе, што сёння з Улаховічам можна сустрэцца ў мясцовым Доме культуры. Акрамя самога «атамана», шчомысліцкім выбаршчыкам абяцаюць і выступ «казацкага калектыву «Гуляй, Казак».
За паўгадзіны да прызначанага часу каля прыпынку і крамы з’яўляюцца давераныя асобы Улаховіча, як яны самі сябе называюць. Мужчына і жанчына сярэдніх гадоў раздаюць сцяжкі Беларускай патрыятычнай партыі і календары з партрэтам свайго кандыдата.
«Прыходзьце сёння на канцэрт!» — запрашаюць яны.
Варта сказаць, народ агітпрадукцыю бярэ. А сцяжкі партыі дык увогуле карыстаюцца шалёнай папулярнасцю сярод 7—10 гадовых жыхароў Шчомысліцы.
Непадалёк, каля ўваходу ў Дом культуры, двое немаладых ужо людзей у казацкай форме выцягваюць аўдыёапаратуру з машыны. Побач, каля стэнда з уласным фота, стаіць і сам Мікалай Улаховіч. Ён то задуменна назірае за сваімі «казакамі», то звяртаецца да мінакоў.
«Прыходзьце сёння на сустрэчу! На канцэрт!» — запрашае мясцовых жыхароў патэнцыйны дэпутат. Мясцовыя яму пасміхаюцца, але ў асноўным праходзяць міма.
Тым часам калонкі з мікрафонамі ўжо аднеслі ў залю.
«Ты пастой тут, побач, у форме, хоць людзі пабачаць, — кажа аднаму з мужчын Улаховіч. — Я ж без формы, мне нельга».
Нельга, тлумачыць «атаман», бо тут ён найперш як прадстаўнік патрыятычнай партыі, а не як казак.
Сталы мужчына застаецца пастаяць з «атаманам».
«Казацкі есаул Канстанцін Пятруша», — прадстаўляецца ён.
«Атаман» Улаховіч і «есаул» Пятруша.
На грудзях у Пятрушы — некалькі крыжоў. На адным з іх профіль расійскага імператара Мікалая ІІ, якога расстралялі бальшавікі.
«Гэтым знакам з выявай цара-бацюхны мяне ўзнагародзіў вярхоўны атаман за маю кнігу «Васількі на крыжы». Там апавяданні ў асноўным. А гэты крыж, з надпісам «Бабруйск» — ён за аднаўленне бабруйскіх храмаў, ён ад папярэдняга мітрапаліта», — распавядае Канстанцін Пятруша.
Высвятляю, што за такая дзіўная фармулёўка: «цар-бацюхна».
«Вы, можа, манархіст?» — пытаюся ў яго.
«Ён патрыёт! — улазіць Улаховіч. — Мы патрыёты Беларусі!»
Затым ён доўга абураецца тым, што пра казакоў у цэлым і пра яго ў прыватнасці журналісты «пагана пішуць».
«Плюнулі і збеглі, плюнулі і збеглі… Вось так пішуць. І вы таксама: імкнецеся пераканаць, што казацтва — гэта штосьці дрэннае. А чым яно дрэннае? — пытаецца Улаховіч. — Нас хочуць паказаць як нейкую групу баптыстаў. А вы ж не ведаеце нават колькасць людзей, якія нас падтрымліваюць».
Затым Улаховіч з Пятрушам у два галасы расказваюць аб тым, што пра «беларускае казацтва» ніхто нічога не ведае. А яно нібыта мае і гісторыю, і традыцыі, і песні, і ўвогуле — ад яго суцэльная карысць.
«Заходзьце, канцэрт паглядзіце!» — раптам выкрыквае Улаховіч нейкаму мужыку, які праязджае міма на ровары.
«А шабля ў казака ё?» — не спыняючыся, пытаецца мужык.
«Ё!» — хорам адказваюць Пятруша і Улаховіч.
Шаблі, праўда, няма.
«Ну, яна ж не зброя, а чыста фурнітурная шабля… Парадная, — тлумачаць мне «казакі». — Ды і мерапрыемства не такое, навошта яе чапляць?»
Але час ужо і пачынаць сустрэчу. Агулам паслухаць Улаховіча прыйшло каля 20 чалавек, з іх амаль палова — дзеці.
«Ці буду за яго галасаваць, пакуль не ведаю. Трэба паглядзець», — кажа святочна апрануты 22-гадовы хлопец.
«Мы будзем за яго», — запэўніваюць дзве жанчыны сярэдняга ўзросту.
Самога «атамана» малая колькасць слухачоў не палохае.
«Гэтыя паслухаюць — іншым раскажуць. Я ж ведаю, як гэта робіцца», — кажа ён.
Народ размяркоўваецца па залі. Улаховіч пачынае кароткі выступ: расказвае сваю біяграфію, дзе і кім працаваў, пра сям’ю. Кажа, што ўсё паспеў, аднак не паспеў прыкласці сваю энергію і вопыт да працы «на парламенцкай ніве».
«Я лічу, што парламентарыі — гэта людзі, якія не толькі ствараюць законы, але і з’яўляюцца экспертамі гэтых законаў. Каб можна было б зрабіць іх правільнымі для лепшага жыцця нашых грамадзян», — дзеліцца думкамі Мікалай Улаховіч.
Увогуле, уся прамова «атамана» займае літаральна тры хвіліны. Затым на сцэну выходзіць той самы казацкі ансамбль «Гуляй, Казак».
Увесь ансамбль — тры жанчыны ў псеўдафальклорных строях і два мужчыны ў казацкай форме. Адзін з іх — той самы есаул Пятруша. Гукарэжысёр уключае на ноўтбуку «мінус» — і паехалі, пад бадзёрае «тыц-тыц» гучаць песні пра «ліхіх коней», «буйныя галовушкі», «няраўны бой» і іншыя казацкія мемы. Спяваюць на беларускай, рускай і украінскай, але кожная песня, натуральна, пра казакоў. Гучыць нават нейкая «Казацкая лезгінка»: штосьці накшталт рэпу пра вясёлае казацкае жыццё пад класічную каўказскую мелодыю.
Выступ людзям наогул падабаецца. Народ пляскае ў далоні, дзеткі машуць сцяжкамі партыі.
У паўзах паміж песнямі выступоўцы не забываюцца рэкламаваць свайго кандыдата. Сам кандыдат у такія моманты ўстае і пасміхаецца залі. Прыгажосць.
Канцэрт ідзе хвілін з сорак. Затым — пытанні гледачоў да кандыдата. Пытанняў няшмат, і паступаюць яны ў асноўным ад адной і той жа жанчыны.
«Чаму вы ў гэтай акрузе балатуецеся? Жывяце тут?» — пытаецца яна.
«Жыву ў Мінску. Але Мінск настолькі зблізіўся з Мінскім раёнам, што розніца невялікая. Да таго ж, Мінскі раён — вельмі складаны», — адказвае Улаховіч. Затым ён падкрэслівае, што як лідар партыі зможа зрабіць для раёна больш, чым «просты парламентарый».
«Мы кансерватыўная партыя. Мы не спяшаемся з рэформамі. Спачатку трэба пераканацца, што старое — дрэнна», — апісвае сваю стратэгію Улаховіч.
Не забываецца ён і пра патрыятызм. Напрыклад, такім вось чынам:
«Чуў, што з нас хочуць зрабіць беларускую Швейцарыю. Не трэба! Давайце будзем беларусамі!»
Затым жанчына пытаецца пра малыя пенсіі. Улаховіч абяцае, што будзе змагацца за назапашвальную пенсійную сістэму.
«Я буду гэта прасоўваць у парламенце. І прасуну. Я не хлушу!» — запэўнівае ён.
Жанчына, здаецца, засталася задаволенай.
На гэтым сустрэча заканчваецца. Улаховіч дзякуе гледачам за сустрэчу і заклікае прыходзіць на выбары.
«Ну што, будзеце галасаваць за Улаховіча?» — пытаюся ў той самай цікаўнай жанчыны.
«Я? Я ў Мінску буду галасаваць. Я тут так, на дачы», — выкручваецца яна.
Яшчэ некалькі жанчын адказваюць на тое ж пытанне станоўча.
«Спадабаўся кандыдат, прагаласуем», — кажуць яны.
Тым часам нешматлікія гледачы разыходзяцца, казакі з ансамбля хуценька пакуюць апаратуру па машынах. Улаховіч сядае ў звычайную зялёную «Таёту» і імчыць гандляваць тварам у іншую вёску — гэтым жа вечарам у яго такая ж сустрэча ў Азярцы.
Да дырэктаркі Дома культуры падбягае чарада мясцовых дзяцей. У большасці ў руках — сцяжкі Беларускай патрыятычнай партыі.
«А ёсць яшчэ сцяжкі?» — пытаюцца яны.
«А навошта вам?» — цікаўлюся.
«Трэба».
Сцяжкоў, праўда, больш няма. Трохі засмуціўшыся гэтаму факту, дзеці збягаюць па сваіх справах, зносячы рэшту ўлаховічскай сімволікі кудысьці ў глыбіню вечаровага шчомысліцкага лета.