Па меншай меры 17 чалавек загінулі пры пажары ў складскім памяшканні на паўночным усходзе Масквы. Колькасць ахвяр можа вырасці, бо паведамляецца, што некаторыя з выратаваных былі дастаўленыя ў бальніцы ў цяжкім стане.

«Падчас тушэння пажару было выяўленае памяшканне, адрэзанае агнём. Пажарныя праламалі яго сцяну і знайшлі ўсярэдзіне 16 загінулых», — паведамілі агенцтву ТАСС у прэс-службе сталічнага глаўка МНС. Яшчэ адна пацярпелая памерла ў бальніцы.

Следчы камітэт Расіі распачаў справу па факце пажару на складзе і гібелі людзей. Як удакладніла афіцыйны прадстаўнік маскоўскага глаўка СКР Юлія Іванова, справа распачатая па артыкуле «парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі» (ч. 3 ст.219 КК РФ).

Інтэрфакс са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах сталіцы паведаміў, што большасць загінулых меркавана з'яўляюцца прыезджымі з краін СНД. Паводле дадзеных крыніцы агенцтва, яшчэ 20 чалавек пацярпелі ў выніку пажару.

Паведамленне аб узгаранні ў складскім памяшканні паступіла ў МНС каля 8:00 па маскоўскім часе. Плошча ўзгарання склала каля 200 квадратных метраў.

Раней МНС паведамляла пра тое, што з агню былі выратаваныя 12 чалавек і некалькі чалавек пацярпелі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0