Галоўнай тэмай абмеркавання ў чарговым «Клубе рэдактараў» на «Беларусь-1» стала… порна. Кіраўнікі дзяржаўных беларускіх і расійскіх СМІ абмяркоўвалі гэтую з’яву, уплыў яе на грамадства, а пасля падышлі да далікатнага пытання порна-рэкламы ў інтэрнэце.

«Порна пралязае ў газеты і на сайце. Зараз узяць усе нашы інтэрнэт-магутнасці — я маю на ўвазе ў беларускім сегменце «бай» — і там паўсюль можна пабачыць найдзічэйшае дзіўнае парнаграфічнае паведамленне пра аднаго шчаслівага мужа, выкладзенае настолькі гнюсна… Кіраўнікі гэтых СМІ так дбаюць аб маралі грамадства і высокіх словах… І атрымліваецца побач патэтычныя паведамленні пра тое, што адбыўся мітынг, шэсце, пятае-дзясятае. І раптам — «мой муж» і тлумачэнне», — падзяліўся сваім досведам Павел Якубовіч.

«Нікуды не сыдзеш ад гэтага! І яна там міргае, яна б’ецца!» — падтрымаў яго Генадзь Давыдзька.

«Вось табе і суседства — высокія словы і надпісы, якія раней былі на сценах школьнага туалета, а цяпер упрыгожваюць рэспектабельныя інтэрнэт-магутнасці. Падумаць ёсць аб чым», — падсумаваў Якубовіч.

Падумаць насамрэч ёсць аб чым. Падобныя абвінавачванні — сумніўная рэклама парнаграфічнага ўхілу — перыядычна выказваецца як у бок «Нашай Нівы», так і іншых парталаў. Чалавек, неабазнаны ў інтэрнэце, часцяком не разумее механізм працы інтэрнэт-рэкламы.

На сайце nn.by ёсць блокі з інфармацыяй ад канкрэтных рэкламадаўцаў, якія заключылі дамовы непасрэдна з «Нашай Нівай». У іншых жа блоках адлюстроўваецца кантэкстная рэклама. Што гэта такое?

Пошукавыя сістэмы зарабляюць грошы, збіраючы інфармацыю пра карыстальнікаў — яны запамінаюць запыты з камп’ютара, і надалей чалавеку рэкламуецца толькі тое, што яму цікава, што ён сам шукае ў інтэрнэце.

Калі карыстальнік, напрыклад, шукае квіткі ў Парыж, Гугл ці Яндэкс запамінае ягоны пошукавы запыт. І ў блоках кантэкстнай рэкламы будзе прапаноўваць рэкламу ад авіякампаній, якія лятаюць у Парыж. Шукалі сабачы корм? На здароўе, вам будуць паказваць прапановы заакрамаў.

Падобная сітуацыя і з порнарэкламай. Шукаў «гарачых мулатак» ці «чужога мужа» — будуць вам і гарачыя мулаткі, і чужы муж. Паводле правілаў кантэкстнай рэкламы сур’ёзных пошукавікаў такія «18+»-спасылкі мусяць блакавацца. Але спрактыкаваныя праграмісты рэкламных кампаній знаходзяць магчымасць абыходзіць гэтыя абмежаванні.

Не абавязкова мужа з мулаткамі шукалі непасрэдна вы. Калі ў вас агульны IP-адрас з калегам, то разумная машына будзе ўлічваць запыты абодвух.

Ёсць яшчэ і імавернасць так званага «рэкламнага віруса» на камп’ютары. Тады варта праверыць камп’ютар антывірусам. Можа, тады гнюснае паведамленне пра мужа знікне. А можа, і застанецца, як і вашыя квіткі ў Парыж, і ваш сабачы корм. «Наша Ніва» тут дакладна ні пры чым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0