«Народная Воля» даведалася, як праходзяць уступныя экзамены, як падлеткі вытрымліваюць без дома і што катэгарычна забараняецца хлопцам, якія праз некалькі гадоў будуць ахоўваць дзяржаўныя межы.
Фатаграфаваць забаронена!
Трапіць на тэрыторыю вучылішча можна свабодна. А вось далей вестыбюля не пусцяць нават бацькоў. Дзяжурны запытаецца, да каго яны прыехалі, і пакліча кадэта на непрацяглую сустрэчу. Пагуляць па корпусе можна толькі ў «дзень адчыненых дзвярэй». Фатаграфаваць унутры памяшканняў і родным, і самім падлеткам наогул забаронена.
Пра ўнутранае жыццё вучылішча «Народнай Волі» расказаў Алег Грушэцкі. Менеджар па адукацыі, ён цяпер працуе ў будаўнічай фірме. А ў вольны час піша апавяданні, вершы, супрацоўнічае са шматлікімі айчыннымі СМІ і нават здымаецца ў кіно (Алега можна ўбачыць у фільме Андрэя Курэйчыка «ГараШ»). З вучылішчам звязаны лёсы двух яго сыноў. Вадзім нядаўна паспяхова здаў уступныя экзамены, натхніўшыся прыкладам старэйшага брата Аляксея. А той трапіў у першы набор вучылішча, заснаванага ў 2011 годзе. Цікава, што да паступлення яго падштурхнулі расійскія серыялы «Салдаты» і «Кадэты», хоць бацькі яго адгаворвалі, разумеючы, што вайсковы побыт не з лёгкіх. Зрэшты, сям’я Грушэцкіх мае даўнюю схільнасць да войска. Адзін са сваякоў у часы Другой сусветнай вайны даслужыўся да звання генерал-маёра. Ваявалі і продкі Алега. Наш суразмоўца прасачыў 15 пакаленняў сваіх прашчураў, аж да сярэдзіны ХVІІ стагоддзя. Кажа, што яго род вядомы яшчэ з Грунвальдскай бітвы ў якой прымаў удзел Мацей Грушэцкі, каронны харунжы.
Аляксей Грушэцкі вучыцца зараз на другім курсе Інстытута памежнай службы. Вучылішча звязана з гэтай установай і сярод іншага рыхтуе будучых памежнікаў. Натуральна, паступаць у інстытут ніхто не прымушае. Але калі ўсе адзнакі кадэта 7 балаў і вышэй, ён можа трапіць у гэтую ВНУ без экзаменаў. З першага выпуску больш за 75% навучэнцаў працягнулі навучанне ў ваенных вышэйшых навучальных установах, з іх больш за палову падалі дакументы ў Інстытут памежнай службы.
Дарэчы, цяпер у Мінску гэта адзінае кадэцкае вучылішча. На год раней за яго адкрылася вучылішча №1. Але яго перайменавалі ў спецыялізаваны ліцэй пры Міністэрстве ўнутраных спраў, а нумарацыя засталася без змен.
Блат не працуе
Як трапіць у вучылішча? Уступныя экзамены складаюцца з некалькіх частак. Спачатку псіхалагічны тэст, на якім адсейваецца пэўная колькасць абітурыентаў. «Нам выдалі аркушыкі, на якіх былі апісаны розныя сітуацыі з жыцця, — расказаў Вадзім Грушэцкі, які сёлета паспяхова вытрымаў выпрабаванні. — Сказалі, што трэба адказваць першае, што прыйдзе ў галаву. Тады адказ будзе правільны. Напрыклад, было пытанне «Ці распівалі вы алкаголь?». Або «Ці баіцеся вы навальніцы?». Другая частка — фізічныя практыкаванні.«На мой погляд, яны былі зусім не цяжкія, — кажа Грушэцкі-малодшы. — Я чакаў чагосьці больш складанага». Хлопец даўно рыхтаваўся да экзаменаў. На адзнаку «10» трэба было падцягнуцца дзевяць разоў (прычым без рыўкоў), прабегчы 30 метраў за 4,5 секунды і скокнуць на 2,1 метра. Як кажа наш суразмоўца, блат тут немагчымы. Напрыклад, у гэтым годзе ў вучылішча паступаў сын аднаго супрацоўніка міліцыі. Але ён не змог падцягнуцца столькі, колькі трэба. Трэцяя частка экзаменаў — традыцыйныя матэматыка, руская або беларуская мова.
Сёлета ў восьмы клас падалі заявы каля 50 чалавек. З іх узялі толькі 24. Але летась не ўсе кадэты перайшлі ў дзявяты клас. Таму вучылішча аб’явіла дабор. На 11 месцаў прэтэндавалі 28 чалавек.
Цікава, што першыя паўгода навучэнцы яшчэ не з’яўляюцца кадэтамі. Яны павінны даказаць, што годныя гэтага звання, — і толькі тады пасля Новага года прымуць прысягу. Як згадвае Грушэцкі, сярод аднакласнікаў яго старэйшага сына прысягі не дачакаліся толькі тры чалавекі: іх адлічылі за парушэнне дысцыпліны.
Чаму сыходзяць кадэты? Кагосьці забіраюць бацькі. Іншыя не вытрымліваюць самі. З некаторымі развітваюцца па ініцыятыве настаўнікаў: маўляў, вы не падыходзіце нам па адзнаках або паводзінах.
Умовы жыцця — спартанскія
Падлеткі жывуць і вучацца ў вучылішчы пяць дзён штотыдня. Вечарам у пятніцу прыкладна ў шэсць гадзін іх забіраюць дадому. Вярнуцца ў вучылішча трэба вечарам у нядзелю або раніцай у панядзелак, яшчэ да заняткаў. Цікава, што кадэты абавязаны ехаць у сваёй форме. Ім не дазваляецца займаць сядзячыя месцы ў транспарце, калі ёсць стаячыя пасажыры. Трэба трымаць гонар кадэта!
Тэрыторыя ўстановы абгароджана, выходзіць за яе не дазваляецца. Зрэшты, вольнага часу ў кадэтаў няшмат. Падлеткі вывучаюць тыя ж прадметы, што і звычайныя школьнікі. У іх ёсць свае спартыўныя секцыі (па барацьбе, рукапашным баі, валейболе), факультатывы (па англійскай мове, матэматыцы і іншых прадметах). Адрозненне ў тым, што дзень пачынаецца з фізічнай падрыхтоўкі.
З кадэтамі займаюцца вайскоўцы (у тым ліку з Інстытута памежнай службы). Таксама ладзяцца вайсковыя гульні (кшталту савецкай «Зарницы»), спартыўныя спаборніцтвы. Летам арганізуюцца палявыя зборы. Падлеткі ездзяць на мяжу, жывуць у казармах, вывучаюць зброю і праводзяць час са спецыяльна навучанымі сабакамі. «Фізічнай падрыхтоўкі больш, чым у звычайнай школе. Але акцэнт усё ж такі робіцца на веды, каб кадэт мог паступіць у любую ВНУ», — кажа Алег Грушэцкі.
Умовы жыцця — спартанскія. У адным пакоі тры-чатыры ложкі, адпаведная колькасць тумбачак і стол. Душавая і прыбіральня на калідоры. З аднаго боку, будынак калісьці будаваўся не для патрэб кадэцкага вучылішча. Размяшчэнне санітарнага блока засталося з часоў санаторнай школы-інтэрната, якая знаходзілася там да 2011 года. З іншага боку… «Гэта не лагер адпачынку і не гасцініца, — усміхаецца мой суразмоўца. — Распарадак не армейскі, але набліжаны да яго».
Пытаюся пра дзедаўшчыну: ці сустракаецца яна ў кадэцкім вучылішчы? Алег Грушэцкі ўпэўнены, што такога няма. «Натуральна, калектыў хлапечы, але атмасфера не жорсткая, больш дысцыплінаваная, — кажа ён. — Калі юнак няздатны быць мужчынам, аднакласнікі гэта хутка адчуваюць. Такія кадэты ў вучылішчы не прыжываюцца». Мой суразмоўца з цяжкасцю згадаў усяго адну форс-мажорную сітуацыю, якая здарылася за чатыры гады вучобы яго сына. «Адзін хлопец скраў у таварыша гадзіннік, — расказвае Алег Грушэцкі. — Дык ад яго адразу адвярнуўся ўвесь калектыў. Хлопец не вытрымаў, што з ім ніхто не размаўляе, і неўзабаве сышоў у звычайную школу». Як падкрэслівае мой суразмоўца, такі выпадак мог здарыцца і ў звычайнай школе.
У інтэрнэт — пад наглядам
Цікава, што вольна карыстацца мабільнымі тэлефонамі кадэтам забаронена. «Сотавыя, гаджэты ў іх адбіраюць, — расказвае Алег. — Просяць пакідаць іх дома. Калі хлопец прыязджае ў вучылішча з мабільным, ён здае яго і атрымлівае ў пятніцу, калі сыходзіць дадому. Калі якую-небудзь тэхніку знойдуць на ўроку або ў пакоі, забяруць. Але аддадуць у такім выпадку ўжо не ў рукі падлетку, а выклікаюць бацькоў». Педагог (а частка выхавацеляў жыве ў корпусе разам з падлеткамі) можа зазірнуць ноччу ў пакой і праверыць, каб дзеці не гулялі на мабільным. Дарэчы, камп'ютараў у жылых пакоях няма. Ёсць асобны камп'ютарны клас, дзе ў вольны час можна выйсці ў інтэрнэт або пагуляць у прысутнасці настаўніка. Але выхаду ў сацыяльныя сеткі няма.
Алег Грушэцкі цалкам падтрымлівае такую ініцыятыву. На яго думку, празмернае карыстанне мабільнікамі і захапленне гульнямі перашкаджае вучобе і не дае спаць. На заўвагу, што на выхадных падлеткі могуць дарвацца да мабільніка і камп'ютара, наш суразмоўца ўсміхаецца: «Спакусы не ўзнікае. За пяць дзён яны паспяваюць адвыкнуць». Для сувязі з домам выкарыстоўваецца бясплатны станцыянарны тэлефон.
Натуральна, кадэтам можа не хапаць не толькі сродкаў сувязі. Калі разам з табой вучацца выключна хлопцы, як пабачыцца з прыгожай паловай чалавецтва? «Некаторыя дзяўчаты прыязджаюць да сваіх хлопцаў у вучылішча, — расказвае Алег Грушэцкі. —Можна гадзінку паразмаўляць у самім корпусе, можна пагуляць па тэрыторыі. Калі захочуць больш паразмаўляць або кудысьці схадзіць, ёсць выхадныя». Тым больш вольнага часу ў суботу і нядзелю хапае. Паколькі падручнікі застаюцца ў вучылішчы, кадэтам не задаюць на выхадныя хатнія заданні.
Прастудзіўся? Марш у ізалятар!
У любы дзень да сваіх дзяцей могуць прыехаць і бацькі. Праўда, ім не дазваляюць перадаваць дзецям прадукты, якія хутка псуюцца. Баяцца, каб падлеткі не атруціліся. На ўсялякі выпадак у вучылішчы ёсць уласны медыцынскі пункт. Калі ў кадэта нешта сур’ёзнае (напрыклад, грып), бацькоў папросяць забраць яго дадому. Калі лёгкая прастуда, абавязкова патэлефануюць дадому і пакінуць у невялікім медыцынскім ізалятары, разлічаным на некалькі месцаў.
Паводле слоў Алега Грушэцкага, кормяць кадэтаў вельмі добра. Меню падобнае на школьнае. «Яно нават больш каларыйнае, бо шмат фізічных практыкаванняў», — кажа мой суразмоўца. Для тых, каму не хапае сняданка, абеда або вячэры, працуе буфет.
Як вядома, афіцыйна беларуская адукацыя з’яўляецца бясплатнай. Але ў рэальнасці бацькі вучняў часта павінны скідвацца то на рамонт, то на тэхніку. Якая сітуацыя назіраецца ў кадэцкім вучылішчы? «Мне грэх скардзіцца, — адказвае Алег Грушэцкі. — Падлеткі знаходзяцца на поўным утрыманні дзяржавы. Натуральна, даводзіцца набываць сшыткі або ручкі. Часам просяць дапамагчы з рамонтам: не прымусова, па жаданні. Недзе падклеіць шпалеры, дзесьці адрамантаваць замок. Бо пасля санаторыя некаторыя памяшканні былі не ў самым лепшым стане». Дарэчы, шэсць-сем гадоў таму аўтар гэтых радкоў трапіў па журналісцкіх справах у будынак, дзе цяпер працуе вучылішча. Уражанне сапраўды было дастаткова сумнае. Мой суразмоўца прызнаецца, што пэўныя траты правакуюць… самі кадэты. «Гэта ж хлопчыкі! — кажа Алег. — То яны душ зламаюць, то дзверы пашкодзяць. Бацькі менавіта гэтых дзяцей прыязджаюць і або рамантуюць, або аплачваюць рамонт».
Алег Грушэцкі вельмі задаволены кадэцкай адукацыяй: «Калектыў добры, мужчынскі. Пасля вучылішча аднакласнікі сына засталіся яго сябрамі. Кадэцкае братэрства — назаўсёды».