Упраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці распачало справу па факце крушэння гідрасамалёта-амфібіі «Чэ-23М» у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці на падставе часткі 2 артыкула 314 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў бяспекі руху і эксплуатацыі паветранага транспарту), паведаміла афіцыйны прадстаўнік СК Беларусі Юлія Ганчарова на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».

Трохмесны гідрасамалёт-амфібія, які зарэгістраваны ў Рэспубліканскім грамадскім аб'яднанні аматараў авіяцыі, уладальнікаў паветраных суднаў і пілотаў і належыць індывідуальнаму прадпрымальніку, зваліўся на полі блізу вёскі Будзілы Браслаўскага раёна 27 жніўня прыблізна ў 19.20.

Як паведаміла Ганчарова, у выніку крушэння жыхар Мінска 1960 года нараджэння загінуў, жыхарка Ліды 1987 года нараджэння і мужчына 1967 года нараджэння з цялеснымі пашкоджаннямі шпіталізаваныя ў Браслаўскую цэнтральную раённую бальніцу.

На месцы здарэння працуюць следчыя следчага ўпраўлення УСК па Віцебскай вобласці, цэнтральнага апарату СК, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, а таксама камісія ў складзе прадстаўнікоў дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі.

З удзелам магчымасцяў перасоўнай крыміналістычнай лабараторыі праводзіцца агляд месца здарэння, ўсталёўваюцца сведкі і відавочцы падзей, праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні па ўстанаўленні абставін крушэння гідрасамалёта, паведаміла афіцыйны прадстаўнік СК.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?