Міжнародны валютны фонд раіць беларускім уладам прывесці стандарты бухуліку ў адпаведнасць з міжнароднымі. Дзейныя правілы вядзення бухуліку, на думку МВФ, могуць скажаць фінансавую справаздачнасць кампаній.

У сувязі з гэтым фонд рэкамендуе ўнесці папраўкі ў закон «Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці» і прывесці яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі фінансавай справаздачнасці (МСФС).

Паводле інфармацыі БелаПАН, МВФ, у прыватнасці, рэкамендуе ўжо ў 2017 годзе стварыць у Беларусі незалежны орган, які будзе ўпаўнаважаны займацца ўкараненнем у краіне стандартаў бухуліку згодна з МСФС.

МВФ таксама прапаноўвае распаўсюдзіць на ўсе дзяржпрадпрыемствы абавязак падрыхтоўкі фінансавай справаздачнасці паводле міжнародных стандартаў.

Згаданыя рэкамендацыі абумоўленыя тым, што дзейныя правілы вядзення бухгалтарскага ўліку ў Беларусі могуць, на думку МВФ, скажаць фінансавую справаздачнасць кампаній. Напрыклад, лічаць эксперты фонду, беларуская практыка спынення налічэння амартызацыі, а таксама пераацэнка асноўных фондаў з прымяненнем штучна ўстаноўленых каэфіцыентаў можа прыводзіць да таго, што фінансавая справаздачнасць не адлюстроўвае рэальнае становішча спраў у кампаніях.

Нагадаем, урад і Нацыянальны банк прынялі 19 жніўня сумесную пастанову, згодна з якой з 1 студзеня 2017 года ў Беларусі ўводзяцца міжнародныя стандарты фінансавай справаздачнасці ў якасці тэхнічных нарматыўна-прававых актаў. Аднак, як тлумачаць прадстаўнікі рынку аўдытарскіх паслуг, афіцыйнае ўвядзенне ў Беларусі МСФС з 2017 года пакуль не азначае, што нацыянальныя стандарты бухгалтарскага ўліку перастаюць дзейнічаць.

«Уведзеныя ў якасці тэхнічных нарматыўных актаў міжнародныя стандарты не замяняюць сабой заканадаўства аб бухгалтарскім уліку. Паколькі такое заканадаўства не адмяняецца, то ўсе суб'екты, якія трапляюць пад дзеянне закона «Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці», абавязаныя працягваць весці бухгалтэрыю згодна з нацыянальнымі стандартамі», — гаворыцца у каментарыі кампаніі «Бэйкер Цілі Бел» да прынятага ўрадавага рашэння.

У той жа час, адзначаюць эксперты, у Беларусі паводле дзейнага заканадаўства грамадска значныя арганізацыі, а таксама банкі павінны рыхтаваць справаздачнасць у адпаведнасці з МСФС.

«Менавіта для гэтых суб'ектаў будуць абавязковыя для прымянення МСФС, што ўводзяцца з 2017 года, у якасці тэхнічных нарматыўна-прававых актаў. Астатнім арганізацыям неабходна будзе кіравацца імі толькі ў выпадку, калі ў іх узнікне з-за нейкіх прычын неабходнасць у складанні справаздачнасці паводле МСФС», — тлумачаць спецыялісты аўдытарскай кампаніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?