Тэйт і Свэнсан былі знаёмыя да таго, як высветлілі, што пры нараджэнні іх пераблыталі ў бальніцы. Фота CBC NEWS

Леон Свэнсан і Дэвід Тэйт жылі ў пасёлку ў правінцыі Манітоба з колькасцю насельніцтва ў 5 тысяч чалавек, у асноўным прадстаўнікоў карэннага народа кры. Яны былі знаёмыя адзін з адным.

Абодва нарадзіліся ў бальніцы Norway House Indian Hospital у 1975 годзе з розніцай у тры дні: Свэнсан 31 студзеня, а Тэйт 3 лютага. Працай бальніцы ў той час кіраваў федэральны ўрад.

Тэст ДНК пацвердзіў, што неўзабаве пасля нараджэння хтосьці памяняў іх месцамі, у выніку хлопчыкаў гадавалі не іх біялагічныя бацькі.

На прэс-канферэнцыі, дзе былі абвешчаныя вынікі тэставання, абодва мужчыны ледзь не расплакаліся.

Тэйт заявіў, што людзі, якія выгадавалі яго, заўсёды будуць для яго бацькамі, аднак цяпер у яго ёсць яшчэ адны бацькі і брат. Тэйт сказаў, што яны вырашылі быць «адной вялікай сям'ёй».

Гэта не адзіны выпадак падмены дзяцей у Norway House Indian Hospital. У лістападзе мінулага года мясцовыя ўлады выявілі, што Люк Моніас і Норман Баркман, народжаныя там у 1975 годзе, таксама былі паблытаныя месцамі пры нараджэнні. Менавіта той выпадак навёў Тэйта і Свэнсана на думку зрабіць аналіз ДНК.

Міністр аховы здароўя Канады Джэйн Філпот паведаміла пра пачатак ведамаснага расследавання. У міністэрстве мяркуюць, што магчымыя і іншыя падобныя выпадкі, пра якія пакуль невядома.

Філпот назвала інцыдэнт у Манітобе напамінам пра неабходнасць павысіць якасць аховы здароўя для карэнных народнасцяў Канады.

У краіне жывуць прыкладна 1,4 млн прадстаўнікоў абарыгенных плямёнаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?