«На думку бюракрата, ідэальны беларус — гэта калі чалавек плаціць падаткі і зверху гэтага пастаянныя паборы, нічога не патрабуючы і памірае да пенсіі», — завіў адзін з лідараў кампаніі «Гавары праўду», кандыдат у дэпутаты па Дзяржынскай 71-й выбарчай акрузе Андрэй Дзмітрыеў у сваім тэлевыступленні, паказаным 29 жніўня ў эфіры тэлеканала СТВ.

«Нас сёння падштурхоўваюць да таго, каб мы перасталі верыць у свае сілы, махнулі рукой, нічога не хацелі, нічога не патрабавалі і ўтрая даражэй плацілі за ўсё, што толькі можна — адукацыю, ахову здароўя, дарогі, жыллё. Дайшло да таго, што плацім ўжо падатак за тое, што страцілі працу», — заявіў Дзмітрыеў.

На яго думку, улады «душаць ініцыятыву на месцах», не даючы развівацца прыватнаму бізнэсу. «На вёсцы не хапае гаспадара, ўласніка, які будзе шанаваць кожную укладзеную капейку і кожнага работніка», — адзначыў Дзмітрыеў, паабяцаўшы ў выпадку абрання дэпутатам расказаць аб скрытай падтрымцы стратных прадпрыемстваў.

«Я буду казаць у парламенце пра тое, што нельга павышаць пенсійны ўзрост, прымушаючы людзей працаваць да магілы, — прадоўжыў кандыдат. — З любых высокіх трыбун я скажу, што нас з вамі злуюць дрэнныя дарогі і ўбогія двары каля нашых дамоў. Мы плацім падаткі і патрабуем дарогі».

«Дзіцячага смеху ў вёсках, малых і сярэдніх гарадах у Беларусі ўсё менш. Могілкі растуць хутчэй чым новыя дамы. А там, дзе яшчэ чутны дзіцячы смех, не хапае простых умоў, каб камфортна жыць і будаваць сям'ю, дом. Ды і як яго будаваць з такімі працэнтамі па крэдытах і заробкамі ў 3-4 мільёны старымі?» — адзначыў Дзмітрыеў.

На яго думку, неабходна новая праграма будаўніцтва жылля ў рэгіёнах і дапамогі шматдзетным сем'ям. «Несправядліва, што адлегласць паміж нашай акругай і Мінскам не 20-40 км, а 20-40 гадоў. І вечны адказ чыноўнікаў «грошай няма «нас не задавальняе», — сказаў ён.

«Мяне, як і вас, не задавальняюць дэпутаты ад партыі чыноўнікаў, якія моўчкі галасуюць у парламенце з адной думкай: як бы дасядзець да пенсіі. Менавіта такі кандыдат адмовіўся ад адкрытых дэбатаў са мной, а калі яго спыталі, чаму, адказаў:» А хто ён такі? «. Класічнае стаўленне чыноўнікаў да людзей, да ўсіх нас. Мы для іх ніхто», — сказаў на заканчэнне кандыдат.

Дзмітрыеў упэўнены, што галоўнае дасягненне краіны сёння ў тым, што «простыя беларусы сёння, нават у гэтых умовах, умудраюцца дзейнічаць і знаходзіць магчымасці, каб забяспечыць сваю сям'ю, а поспех будзе, калі дзяржава будзе не перашкодай, а апорай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?