Нядаўна СМІ прывялі выказванне дэпутата Савета Рэспублікі Ігара Марзалюка на сустрэчы з выбарцамі ў Магілёве: «Улада можа быць гідкай, быдлячай, подлай, але ёсць свой дом, ёсць свая дзяржава, ёсць свая радзіма. Парашэнка — мярзотнік, такі ж як Януковіч», — цытаваў Марзалюка журналіст.
Марзалюк асуджаў і Расію за яе дзеянні ў Крыме і на Данбасе. «Я лічу, што Расія зрабіла жудасную рэч. Тое, што існавала на ўзроўні масавай свядомасці, — пачуццё ўсходнеславянскай датычнасці, усходнеславянскага адзінства — было разбурана ў адзін дзень», — сказаў дэпутат.
Аднак ва Украіне зачапілі не гэтыя словы Марзалюка, а яго ацэнка Парашэнкі, Турчынава і Яцанюка.
Як стала вядома «Нашай Ніве» з дыпламатычных крыніц, словы сенатара дайшлі да Кіева, і цяпер украінцы думаюць, як на іх рэагаваць.
З гэтай нагоды мы патэлефанавалі Марзалюку з пытаннем, ці не лічыць ён, што перабраў у сваіх ацэнках украінскай улады.
На гэта сенатар адразу адказаў, што ягоная цытата агенцтвам БелаПАН была вырваная з кантэксту, а пазіцыю аўтара публікацыі ён лічыць мярзотнай.
«Я не даваў ацэнак прэзідэнту Украіны. Усё было ўвогуле не так, — сказаў сенатар. — Сустрэча з выбарцамі ўжо фактычна скончылася, у зале засталіся тры-чатыры чалавекі. Адзін з іх спытаў у мяне пра Украіну, мы пачалі гаварыць. Я сказаў, што самі ўкраінцы думаюць па-рознаму: для кагосьці Парашэнка мярзотнік, для кагосьці — выдатны прэзідэнт. А гэтую пазіцыю прыпісалі мне, вы разумееце? Мая ж пазіцыя ў тым, што пры розным стаўленні да ўлады ёсць краіна, дзяржава. Парашэнку я мярзотнікам не лічу. Я вельмі люблю Украіну, люблю Кіеў, Львоў. І калі хтосьці адчувае сябе абражаным, то я ў любой форме магу прынесці Украіне свае выбачэнні за такую трактоўку маіх слоў».
Украінскую трагедыю Марзалюк бачыць перадусім у тым, што ім не ўдалося стварыць палітычнай нацыі, якая б аб'яднала ўсіх грамадзян незалежна ад мовы і ўзроўню іхняга адчування сувязі з расійскай культурай.
«Я не адмаўляюся ад сваіх словаў, сказаных шчыра — я лічу, што далучэнне Крыма да Расіі — гэта трагедыя, хай нават і жыхары гэтага хацелі. Было б больш мудра, каб гэтага не адбылося. Такая тактычная перамога Расіі абернецца стратэгічнай паразай, гэта парушэнне міжнароднага права. Я таксама лічу, што тыя, хто выконваў абавязкі вярхоўнай улады пасля ўцёкаў Януковіча і да прызначэння Парашэнкі — вось іхнія дзеянні з пункту гледжання дзяржаўных інтарэсаў Украіны…», — дадаў Марзалюк і абарваў сваю думку.
Разам з гэтым сенатар дадаў, што ягоная пазіцыя — не антырасійская.
«Я не кажу, што трэба сёння ж закрываць граніцы з Расіяй і ваяваць. Мы ад сваіх суседзяў нікуды не дзенемся: ні ад Расіі, ні ад Польшчы, ні ад Украіны. Трэба жыць з суседзямі ў міры і спакоі. Чым больш у нас дабразычлівыя адносіны будуць, тым лепш для нас усіх. Без вось гэтага шавінізму, без абразаў, без словаў, што няма ўкраінскай ці беларускай мовы і нацыі, вось без гэтага ўсё стане на свае месцы».
У сувязі з гэтым мы пацікавіліся, як знайсці кансэнсус па балючых пытаннях у беларускім грамадстве.
«Лукашэнка — гарант нашага суверэннага развіцця, — сказаў Марзалюк. — Трэба шукаць дыялог, галоўнае, каб гвалту не было. Я катэгарычна супраць рэвалюцый, любых: памаранчавых, жоўтых, зялёных. Бо рэвалюцыя — гэта заўсёды смерць, крушэнне інстытутаў, калапс эканомікі. Не павінны людзі на загад іншых людзей забіваць сваіх суайчыннікаў, як іншыя не павінны кідаць камяні ці кактэйлі молатава. Мы ўсе беларусы, я вось нашу вышыванку з беларускага лёну».
Што ж да беларускай сімволікі, то Марзалюк не супраць тых, каму бліжэйшыя «Пагоня» і нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг.
«Што тычыцца сімволікі з «Пагоняй» — мы павінны спакойна прагаворваць сітуацыю, мусіць быць дыскусія. Трэба неперадузята прамаўляць, калі ёсць праблема. У кожным разе, ёсць вынікі рэферэндуму 1995 года, дзе большасць прагаласавала за сучасную дзяржаўную сімволіку. Але, калі гэта камусьці не падабаецца, вы можаце насіць што заўгодна. Калі ж вы лічыце, што надышоў той момант, калі ўжо большасць выступае за бела-чырвона-белу сімволіку, то пачніце збіраць подпісы за новы рэферэндум, дакажыце, хаця б на ўзроўні гэтай кампаніі, што ёсць такая праблема», — падсумаваў Марзалюк і дадаў, што вельмі заняты — мае па сем сустрэч з выбарцамі штодзень.