Як мы даведаліся, такія задачы друкуе часопіс-дапаможнік «Отлічнік», які выдаецца дзяржаўным выдавецтвам «Пачатковая школа».
Момант пра канкрэтна «бабрыную мову» — з нумара для 3 класа ад 8 жніўня.
Але гэта не адзіны спрэчны прыклад. У той жа серыі для 4 класа, беларускай мовай прапанавана здзівіць… каня.
«З-за павароту на вас вылятае вершнік на белым коні. Табе варта б схапіць Рапунцэль і скочыць у кусты! Але ты ведаеш варыянт лепш: можна здзівіць каня! Конь здзівіцца, калі пачуе беларускую мову», — гаворыцца ў падводцы да задання.
Бабры, коні, злачынцы — вось носьбіты мовы ў гэтым часопісу.
Чым абумоўлены такі выбар? Мы спыталі гэта ў рэдактаркі «Отлічніка» Паліны Бандарэнкі.
«Гэта проста дзіцячы часопіс», — сказала Паліна.
«Там жа ж няма задачы перакласці з бабрынай мовы і ў якасці ўзора прыведзена беларуская — там не напісана «перакладзі з беларускай», — кажа рэдактарка, абвяргаючы напісанае.
Паліна Бандарэнка праваруч. Фота: p-shkola.by.
Дзяўчына сказала, што задачы для часопіса складае яна, але пра бабрыную мову складала не яна: маўляў, гэта «аўтарскі» тэкст.
«Вазьміце іншыя нашыя часопісы — у іх ёсць нейтральныя моманты, калі вы думаеце, што тут задачы з мовай не вельмі нейтральныя. Але давайце будзем шчырымі — большасць чытачоў камунікуюць па-расейску», — так яна адказала на заўвагу, што беларускай мовы ў часопісе няшмат.
Сораму за «бабрыную мову» дзяўчына не адчувае.
«Не. Я не бачу знявагі, дзіўна, што вы за гэта зачапіліся, ніякіх думак абразіць мову ці выставіць яе ў негатыўным святле мы не мелі», — падсумавала Паліна Бандарэнка.