У сувязі з 25-й гадавінай гістарычнай даты — 25 жніўня 1991 года — часта выказваецца думка, што Беларусь здабыла незалежнасць дзякуючы незалежным ад яе палітычным абставінам: вось калі б так, то так, а калі б не так, то і не гэтак… І з гэтай тэзы вынікае, што ні ад Народнага Фронту як грамадскага руху, ні ад фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце нібыта амаль нічога не залежала.

Збольшага так разважаюць людзі, у тым ліку аналітыкі, якія былі ў тыя часы дзецьмі, у лепшым выпадку падлеткамі, і вельмі прыблізна ўяўляюць сабе, што магло адбыцца ў Беларусі, калі б у Маскве перамог жнівеньскі путч і, адпаведна, мясцовыя гэкачэпісты ладзілі б свой фэст. Я не кажу пра рэпрэсіі, якія, безумоўна, распачаліся б. Я кажу пра тое, што ідэя незалежнасці на той гістарычны момант набыла такую вагу ў грамадстве, што супраціў, магчыма, нават крывавы, быў амаль непазбежны.

Красавіцкім страйкам 1991 года збольшага была ахоплена прамысловасць так званага «саюзнага падпарадкавання», якое, урэшце, і давяло працоўных да галечы. Той страйк лепш за так званыя рэферэндумы — папярэдні гарбачоўскі і наступныя лукашэнкаўскія — выявіў, хай сабе и не вельмі асэнсаванае, імкненне беларусаў да незалежнасці, з якім ніхто з публічных палітыкаў таго часу не рызыкаваў жартаваць. Ці мо хто лічыць, што Лукашэнка на першых прэзідэнцкіх выбарах публічна выступаў супраць незалежнасці?

Іншая справа — боязь незалежнасці як нечага яшчэ невядомага, яна таксама існавала ў грамадстве. І Лукашэнка ўдала спекуляваў і на тым, і на тым.

І вось цяпер, калі чуюцца абвінавачванні ў нейкіх памылках тагачаснага БНФ і ягоных дэпутатаў, калі прыніжаецца іх роля ў здабыцці дзяржаўнай незалежнасці, хочацца спытаць: а ці можна ўскладаць на іх адказнасць за чужую здраду, якая ў масавым успрыманні аніяк не асацыявалася са стратай незалежнасці і таму не была вылічана як здрада?

Зянон Пазняк і жанчына. Фота з архіва «Нашай Нівы».

Зянон Пазняк і жанчына. Фота з архіва «Нашай Нівы».

Беларусы павінны быць удзячнымі той жменьцы мужных і чэсных людзей, каторыя супрацьстаялі здрадзе, за кроў, якую яны літаральна пралілі, калі іх збівалі падчас пратэстнай галадоўкі, і якая, па сутнасці, прадухіліла праліццё вялікай крыві. Бо распачаты Народным Фронтам 80—90 гадоў ХХ стагоддзя гістарычны рух да паўнавартаснай дзяржаўнай незалежнасці не спыніўся.

І не спыніць…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?