6 верасня ў 21.45 на «Барысаў-Арэне» зборная Беларусі па футболе стартуе ў кваліфікацыі ЧС-2018 матчам з віцэ-чэмпіёнамі Еўропы камандай Францыі.
Абноўлены аддзел маркетынгу федэрацыі футбола падрыхтаваў да гульні невялікі сюрпрыз для заўзятараў і шэраг актыўнасцяў.
Так, на ўсіх сядзеннях арэны перад матчам размесцяць майкі з новым брэндам зборнай Беларусі «Белыя крылы».
У перапынку група Navi выканае песню «Наперад, Белакрылыя», якая стала неафіцыйным гімнам нацыянальнай каманды, пры гэтым на экраны арэны будуць выводзіцца словы песні.
Будуць арганізаваныя пункты продажу атрыбутыкі і калекцыйных і рарытэтных футбольных сувеніраў. У забаўляльнай зоне арганізатары матчу плануюць зрабіць чатыры кропкі аквагрыму, дзве фотабудкі і прынтар з бясплатным друкам фатаграфій заўзятараў.
Упершыню на афіцыйным матчы зборнай будзе працаваць «будка галоснасці», у якой кожны заўзятар зможа пагутарыць з карэспандэнтам АБФФ ТБ.
Таксама заўзятарам прапануюць намаляваць плакат у падтрымку галоўнай каманды краіны.