ВПС ЗША прыступілі да выпрацоўкі патрабаванняў да будучага знішчальніка, які можа з'явіцца ў 2040-х гадах. Пра гэта піша Lenta.ru са спасылкай на Defense News.

Праектныя работы па самалёце, які пазначаецца як NGAD (Next Generation Air Dominance) і PCA (Penetrating Counter Air), знаходзяцца на пачатковым этапе адбору альтэрнатыў. Праца вядзецца «Сумеснай групай па даследаванні праблем заваёвы панавання ў паветры ў 2030 годзе» (Air Superiority 2030 ECCT) на авіябазе Райт-Патэрсан (штат Агаё).

Паводле ацэнак, якія прыводзіць выданне, выкаціць такі самалёт можна будзе не раней за 2040 год. Тым не менш некаторыя ваенныя падкрэсліваюць, што працы можна фарсіраваць за кошт паралельнага праектавання бартавых сістэм і шырокага выкарыстання мадэлявання.

«Рэалістычны графік такі, што каля 2028 года пры ўмове належнага фінансавання ключавых тэхналагічных распрацовак PCA можа дасягнуць пачатковай аператыўнай гатоўнасці», — заявіў брыгадны генерал Алексус Грынкевіч, які ўзначальвае гэтую групу.

Ён адзначыў, што ВПС цяпер пазбягаюць словаў накшталт «шостае пакаленне» або нават «наступнае пакаленне», патлумачыўшы, што гаворка ідзе не пра нейкую адну пэўную платформу, рэзка адрозную характарыстыкамі ад папярэдніх, а пра інтэграваную сетку баявых сістэм.

Акрамя лятальных апаратаў, якія валодаюць як здольнасцю прарываць СПА, так і наносіць удары, не ўваходзячы ў зону паразы суперніка, у гэтую сетку ўключаецца шэраг кіберсістэм, касмічных сістэм, а таксама сродкаў радыёэлектроннай барацьбы. Паводле заўвагі Грынкевіча, гэта ўжо «не зусім той знішчальнік», як яго прывыклі разумець лётчыкі («дзевяць g перагрузкі, два кілі, гармата і блізкі бой»).

Будучы перспектыўны шматмэтавы знішчальнік NGAD таксама вядомы пад пазнакай F/A-XX. У першую чаргу ён павінен замяніць самалёты F/A-18, таму асноўны зацікаўлены бок — авіяцыя флоту, аднак ВПС таксама ўдзельнічаюць у працы над будучымі баявымі машынамі. У 2013 годзе карпарацыя Boeing прэзентавала канцэпт самалёта, які яна гатовая распрацоўваць па гэтым праекце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0