Рахункі-паведамленні на аплату жыллёва-камунальных паслуг з налічанымі безнаяўнымі жыллёвымі субсідыямі за кастрычнік насельніцтва Беларусі атрымае ў лістападзе. Пра гэта паведаміла начальнік упраўлення эканомікі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Алена Дудзінская сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай увядзенню ў Беларусі безнаяўных жыллёвых субсідый для сацыяльна слабаабароненых катэгорый грамадзян, у прэс-цэнтры БЕЛТА.
У жыроўках будзе пазначаная сума прадастаўленай субсідыі. Да 1 кастрычніка формы паведамленняў будуць дапоўнены радком з інфармацыяй аб субсідыі, якая прадастаўляецца па выяўным прынцыпе.
Акрамя таго, людзі атрымаюць паведамленне аб тым, што ім прадастаўлена субсідыя і нават будуць апісаны правы адмовы ад такой субсідыі. У паведамленні будзе пазначана дата рашэння, яго нумар і сума субсідыі.
Субсідавацца будуць асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі. Прадугледжваецца функцыянаванне як заяўнага, так і выяўнага (для сацыяльна неабароненых катэгорый насельніцтва — непрацуючых пенсіянераў і інвалідаў) прынцыпаў для атрымання субсідый.
Паводле ацэнкі, скарыстацца субсідыямі змогуць каля 10 працэнтаў дамашніх гаспадарак рэспублікі.
З 1 кастрычніка ў Беларусі ўводзяцца безнаяўныя жыллёвыя субсідыі для частковага пакрыцця платы за жыллёва-камунальныя паслугі і платы за карыстанне жылымі памяшканнямі. Адпаведны ўказ нумар 322 «Аб прадастаўленні безнаяўных жыллёвых субсідый» падпісаны 29 жніўня.