З 2 верасня па 2 кастрычніка ў мінскім музеі Вялікай Айчыннай Вайны пройдзе выстава «Беларусы ў ІІ Польскім Корпусе». Другі Польскі Корпус (польск. Drugi Korpus Wojska Polskiego) — галоўная тактычная і аператыўная адзінка Польскага Войска на Захадзе падчас Другой Сусветнай Вайны. Яго кіраўніком быў генерал-лейтэнант Уладзіслаў Андэрс. Да канца 1945 года колькасць корпуса ацэньваецца ў 100 000 салдат.

Генерал-лейтэнант Уладзіслаў Андэрс.

Генерал-лейтэнант Уладзіслаў Андэрс.

Корпус удзельнічаў у шматлікіх вайсковых аперацыях падчас Другой сусветнай вайны. Свой шлях ён пачаў у барацьбе з корпусам Ромеля ў Афрыцы. Даволі шмат беларускіх жаўнераў атрымалі польскія і брытанскія ўзнагароды за мужныя баявыя дзеянні. Самая слаўная старонка гісторыі гэтага корпуса — вызваленне ад нацыстаў Італіі. З пачатку 1944 года яны апынуліся на Апенінскім паўвостраве, дзе змагаліся з нацыстамі. Вясной таго ж года ў корпуса атрымаўся прарыў дзвюх умацаваных ліній — Гітлера, пад Рымам, і Густава, пад Монтэ-Касіна, дзе загінула шмат беларусаў.

Правядзенне выставы стала магчымым дзякуючы супольнай працы беларускіх і польскіх гісторыкаў. Калекцыянер Ігар Мельнікаў, чые экспанаты будуць прадстаўленыя на выставе, распавёў «НН» падрабязней аб тым, што змогуць пабачыць наведвальнікі музея.

«Спачатку гэта была польская выстава. Яна была зробленая «Радай па абароне барацьбы і пакутніцтва». У 2011 годзе яна была прэзентаваная ў Пецярбургу. Але дагэтуль гэтая выстава не ўтрымлівала беларускага кантэксту. Таму Польская Амбасада вырашыла дадаць беларускую частку з маёй прыватнай калекцыі. Выстава даволі ўнікальная, таму і месцам быў абраны музей ВАВ.

Музей, са свайго боку, выставіць матэрыялы пра Юзафа Жамогіна, жаўнера Андэрса, розныя дакументы і арыгінальныя рэчы. Я ў сваю чаргу сфармаваў калекцыю ў выглядзе трох уніформ: уніформа капітана 83-га пяхотнага палка, уніформа жаўнера войска польскага верасня 1939 года і арыгінальны мундзір капітана 3-й дывізіі Карпацкіх стральцоў. Плюс будзе вялікая колькасць рыштунку, здымкаў, дакументаў з маёй прыватнай калекцыі. Некаторыя з іх я атрымаў непасрэдна ад сваякоў».

«Асноўнае на выставе — гісторыі звычайных беларусаў у перыяд з верасня 1939 года да верасня 1944 года і канца Другой сусветнай вайны. Гэта будуць гісторыі асобных людзей, якія пачалі сваю барацьбу з нацызмам яшчэ на пачатку Другой сусветнай, прайшлі жудасы ГУЛАГу і пазней выратаваліся праз армію Андэрса і сталі сапраўднымі жаўнерамі свабоды. Такіх беларусаў былі сотні».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?