Адзіны залаты медаль на рахунку — Уладзіслава Ганчарова, Reuters.com

Адзіны залаты медаль на рахунку — Уладзіслава Ганчарова, Reuters.com

Першы намеснік міністра спорту і турызму, шэф місіі беларускай дэлегацыі ў Рыа-дэ-Жанейра Аляксандр Гагіеў лічыць, што спартсмены «годна выступалі і рыхтаваліся да гэтых стартаў вельмі адказна». Такі пункт гледжання ён выказаў 30 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску, прысвечанай падвядзенню вынікаў Алімпіяды-2016.

На прэс-канферэнцыі акрамя Гагіева прысутнічалі алімпійскі чэмпіён Рыа Уладзіслаў Ганчароў (скачкі на батуце), сярэбраны прызёр Іван Ціхан (кіданне молата) і галоўны трэнер зборнай па скачках на батуце Вольга Уласава. Адзін з заяўленых спікераў — генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта — Анатоль Котаў на мерапрыемства не з'явіўся.

На пытанне БелаПАН аб тым, чаму на мерапрыемстве не прысутнічаюць першыя асобы спартыўнай галіны — першы віцэ-прэзідэнт НАК Максім Рыжанкоў і міністр спорту Аляксандр Шамко — арганізатары адказаць не змаглі. Гагіеў з гэтай нагоды заявіў: «Удзел Рыжанкова не планаваўся. Міністр і Рыжанкоў ўжо далі разгорнутыя інтэрв'ю шматлікім СМІ. Котаў — у яго нешта не атрымалася ў апошні момант, не магу сказаць».

Вяртаючыся да ацэнкі выступлення беларускіх спартсменаў у Рыа, намеснік міністра спорту падкрэсліў, што «ў плане падрыхтоўкі і забеспячэння да каманд не было ніякіх прэтэнзій, спартсмены выступалі з самааддачай, але маем тое, што маем, — дзевяць медалёў».

Усяго на Алімпіядзе краіну прадстаўлялі 123 атлеты. Такім чынам, медаль заваяваны прыкладна кожным чатырнаццатым.

«Я ацэньваю тое, што спартсмены годна выступалі і рыхтаваліся да гэтых стартаў вельмі адказна. У любым выпадку медалі і ўсе годныя месцы патрэбны самім спартсменам, гэта іх прафесійная дзейнасць, і яны ідуць да гэтага на працягу многіх гадоў. Недарэчна вінаваціць спартсменаў, што яны не захацелі выкласціся і паказаць добры вынік. Так, у некага не атрымалася. Так, былі фактары, якія паўплывалі на агульную колькасць медалёў. Што тычыцца дыскваліфікацыі мужчынскай каманды па веславанні на байдарках і каноэ, у нас нават не было часу нешта апратэставаць. Відавочна два-тры медалі [у гэтым відзе спорту], не хачу цяпер галаслоўна казаць, але праглядаліся адназначна. Каму гэта трэба было? Хто сёння ўзначальвае федэрацыю каноэ, уваходзіць у выканкам? Тыя ж венгры, тыя ж італьянцы. Гэта ўсё праглядаецца. Тыя ж венгры баяліся нашай мужчынскай каманды», — лічыць Гагіеў.

Пры гэтым ён прызнаў, што былі дапушчаныя пэўныя пралікі ў працэсе падрыхтоўкі. «Ёсць і тыя спартсмены, якія не выйшлі на пік формы. Тут ёсць пытанні да трэнераў. Плыўцы нашы ў шоку ад свайго выступлення», — сказаў Гагіеў.

На пытанне БелаПАН, якія крытэрыі ён ўкладвае ў вызначэнне «годнае выступленне», Гагіеў адказаў: «Годнае выступленне — тое, што годна змагаліся на Алімпіядзе».

Іван Ціхан у сваю чаргу адзначыў: «Любы спартсмен на буйныя спаборніцтвы едзе змагацца, дэманстраваць, на што ён гатовы. І толькі спаборніцтвы паказваюць гэта. Вядома, кожны спадзяецца на золата. Сказаць, што я засмуціўся з-за серабра… Ну так, было у мяне жаданне выступіць лепш, але гэта не значыць, што я так моцна засмуціўся. Было засмучэнне, але і серабро таксама годна!»

На Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанейра беларуская зборная паказала горшы вынік у суверэннай гісторыі (з 1996 года). На рахунку атлетаў 9 узнагарод: 1 залатая, 4 сярэбраныя і 4 бронзавыя. У агульным неафіцыйным медальным заліку краіна заняла 40-е месца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?