Папа Рымскі Бэнэдыкт XVI прыняў даверчыя граматы новага пасла Беларусі ў Ватыкане Сяргея Алейніка, перадаў найлепшыя зычэньні Аляксандру Лукашэнку й блаславіў народ Беларусі.


Як паведамляе прэсавая служба Ватыкана, у сваёй прамове ў адказ на выступ беларускага пасла Бэнэдэкт XVI заявіў, што Сьвяты прастол «працягне падтрымку беларускага народу ў ягоным імкненьні да ўмацаваньня свабоды, у ягоным жаданьні ўмацаваць дэмакратычны працэс у якасьці члена вялікай сям’і свабодных і сувэрэнных эўрапейскіх краін».

Пваодле слоў Папы Рымскага, дзесяцігодзьдзямі Эўропа будавала мірную й прагрэсіўную будучыню, дзе няма межаў.

«Дасягнуць гэтай амбітнай мэты няпроста, больш за тое, для гэтага неабходна, каб усе бакі былі ўцягнутыя ў сталы, шчыры, разумны дыялёг, заснаваны на шчырай салідарнасьці й павазе да законных жаданьняў, гістарычных абставінаў, разнастайнасьці», — заявіў Бэнэдыкт XVI.

Папа лічыць, што ўсе нацыі кантынэнту, у тым ліку Беларусь, пакліканыя «зрабіць свой унёсак у стварэньне агульнага эўрапейскага дому, дзе межы — гэта месца сустрэчы, а не разьдзяляльныя лініі альбо непераадольныя сьцены».

«На самой справе, гісторыя, духоўныя й культурныя карані й геаграфія Беларусі дыктуюць ёй важную ролю ў гэтым працэсе», — лічыць Папа Рымскі.

У сваёй прамове кіраўнік Сьвятога прастолу адзначыў, што зноў набытая незалежнасьць Беларусі й зноў усталяваныя дыпадносіны з Ватыканам спрыяюць разьвіцьцю ўзаемінаў між структурамі дзяржавы й царквы. Бэнэдыкт XVI падзякаваў Алейніку за цёплыя словы пра дзейнасьць царквы ў Беларусі й выказаў упэўненасьць, што «ўрад Беларусі працягне аказваць падтрымку каталіцкай царкве ў ейных патрэбах».

Папа Рымскі адзначыў, што сёлета каталіцкая царква ў Беларусі адзначыць дзьве важныя даты — 250‑годзьдзе ўсталяваньня Магілёўскай япархіі й 210‑годзьдзе Менскай япархіі.

Бэнэдыкт XVI з удзячнасьцю адзначыў той факт, што Беларусь «усьвядоміла духоўны, культурны й гістарычны ўнёсак царквы ў жыцьцё краіны».

«Царква й дзяржава, кожны сваім чынам, як таго вымагае іх абавязак, служаць чалавецтву. Важна, каб яны супрацоўнічалі, паважалі аўтаномнасьць і абавязкі адно аднога, каб падтрымліваць мужчын і жанчын у дасягненьні матэрыяльнага й духовага дабрабыту», — заявіў Папа Рымскі.

Каталіцкая царква ў Беларусі, пільнуючыся рымскіх і бізантыйскіх традыцый, просіць не прывілеяў, адцеміў кіраўнік Сьвятога прастолу, але магчымасьці зрабіць свой унёсак у разьвіцьцё краіны.

Папа Рымскі перадаў найлепшыя зычэньні прэзыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку й запэўніваньні ў шчырай любові й свае блаславеньні народу Беларусі.

Марына Рахлей, naviny.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0