У беларускім палітыкуме стала модна дэманстраваць сваю непрыхільнасць да рэвалюцыі.
Гэтая мода нарадзілася ў 2005-м — пасля першага Майдану. Я памятаю, як увосень 2005-га на беларуска-нямецкім форуме немцы заклікалі беларусаў: keine Revolution! Нямецкія закліканні былі спароджаныя жаданнем падабацца асноўнаму пастаўшчыку энерганосьбітаў, які не на жарт спалохаўся Памаранчавай (недавершанай) рэвалюцыі ва Украіне, і клопатам пра надзейную працу Трубы, якая пралягла праз Беларусь. Гэтыя заклінанні былі лёгка ўспрынятыя нашымі лібераламі і нават некаторымі сацыял-дэмакратамі.
Што тычыцца нашых лібералаў, то мяне здзівіў кульбіт, учынены імі. Як вядома, яны з пачатку 1990-х прапагандавалі культ Аўгуста Піначэта: маўляў, учыніўшы дзяржаўны пераварот, арганізаваўшы забойства і знікненні тысяч людзей, ён узняў эканоміку Чылі на нябачаныя вышыні. І вось праз нейкія дзесяць гадоў нашы лібералы і іх ідэолагі сталі прыхільнікамі негвалтоўных пераменаў.
Што ж тычыцца некаторых сацыял-дэмакратаў, то тут выявілася элементарнае невуцтва: людзі за сваё жыццё не прачыталі ніводнай сур’ёзнай кнігі з гісторыі і тэорыі рэвалюцый.
Летась найдалей у адмаўленні рэвалюцыі зайшла кампанія «Гавары праўду». Яе кандыдатка на пасаду прэзідэнта Таццяна Караткевіч (мусіць, не без падказкі заходніх дарадчыкаў) вылучыла лозунг «За мірныя перамены». І ніхто з дэмакратаў не зрэагаваў на яго. А лозунг быў подленькі.
Выступаючы як быццам апазіцыйны кандыдат, Таццяна Караткевіч і яе дабрадзеі давалі зразумець: мы за мірныя перамены, а вось уся астатняя апазіцыя… Гэты паклёп на дэмакратычныя сілы Беларусі быў сугучны абвінавачанням, якія не раз вырываліся з вуснаў «адзінага палітыка краіны».
Выстаўляць нейкія прэтэнзіі асабіста Таццяне Караткевіч не мае сэнсу: палітычна яна не самастойная асоба. Былая сацыял-дэмакратка, яна не магла ўразіць таварышаў па партыі сваім веданнем гісторыі і тэорыі сацыялістычнага руху. Увайшоўшы ў самастойнае жыццё ўжо ў посткамуністычны час, яна не знайшла часу, каб вывучыць як належыць англійскую мову, а то нейкую гісторыю і тэорыю… А вось да каго сапраўды ёсць прэтэнзіі, дык гэта таксама да былога сацыял-дэмакрата, доктара гістарычных навук Ігара Марзалюка.
Ігара Марзалюка я ведаю з яго студэнцкай пары. Вучыўся ён у Магілёўскім педагагічным інстытуце. У тым самым інстытуце і на тым самым факультэце, дзе раней вучыўся чалавек, які адкрыў піцерскі перыяд у жыцці Францішка Скарыны. Ігар быў апантаны нашай мінуўшчынай. Слухаючы яго, маладзюткага, я думаў: фанатык.
Цяпер я бачу, што захапленне нашай далёкай мінуўшчынай, бывае, шкодзіць. Па часе выяўляецца, што чалавек кепска вывучыў сусветную гісторыю.
Учора доктар гісторыі Марзалюк заявіў: «Трэба шукаць дыялог, галоўнае, каб гвалту не было. Я катэгарычна супраць рэвалюцый, любых: памаранчавых, жоўтых, зялёных. Бо рэвалюцыя — гэта заўсёды смерць, крушэнне інстытутаў, калапс эканомікі».
І гэта кажа гісторык. Быццам не ведае, што рэвалюцыі бываюць гвалтоўныя і мірныя, негвалтоўныя. Быццам не ведае, што пасля жахаў Пурытанскай рэвалюцыі і перыяду Пратэктарату ў Англіі была Слаўная рэвалюцыя. Так, пакліканы ў Англію Вільгельм Аранскі высадзіўся з войскам, але ж вайны не было: буржуазія здолела дамовіцца з лендлордамі, армія перайшла на бок праціўнікаў Якуба ІІ — і Англія пазбылася Сцюартаў.
Слаўная рэвалюцыя чымсьці нагадвае Вялікую рэвалюцыю ў Расіі, якую бальшавікі назвалі Лютаўскай. Як у Англіі супраць Якуба ІІ, так і ў Расіі супраць Мікалая ІІ былі практычна ўвесь палітычны клас і армія.
А Рэвалюцыя гваздзікоў 1974 г. у Партугаліі, калі народ падносіў кветкі афіцэрам і салдатам, якія зрынулі фашысцкую дыктатуру Салазара-Каэтану?
Рэвалюцыя Гваздзікоў у Партугаліі была бяскроўнай і зрабіла краіну дэмакратычнай. Фота з Вікіпедыі.
Ці нельга назваць рэвалюцыяй і тое, што адбывалася пасля смерці каўдыльё Франсіска Франка ў Іспаніі? Мы ж памятаем, як 23 лютага 1981 г. контррэвалюцыянеры (ці рэакцыянеры, назавіце як хочаце) захапілі іспанскі парламент і міністраў ды хацелі павярнуць Іспанію назад. І памятаем як Бурбон, кароль Ян Караль (Хуан Карлас), які адмовіўся ад многіх сваіх прэрагатываў на карысць дэмакратыі, асадзіў рэакцыянераў.
І ужо зусім свежыя ў памяці масавыя дэманстрацыі ў Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы і Аксамітная рэвалюцыя ў Чэхаславакіі, якія зрынулі камуністычныя рэжымы ў гэтых краінах. І «аксамітны развод» Чэхіі і Славакіі таксама помніцца.
Вось колькі прыкладаў, а нам доктар гісторыі кажа, што «рэвалюцыя — гэта заўсёды смерць, крушэнне інстытутаў, калапс эканомікі». Так, аджылыя інстытуты ў ходзе рэвалюцыі рушацца, але не заўсёды гэтаму працэсу спадарожнічае кровапраліццё. Ці слова «смерць» Ігар Аляксандравіч дастасаваў да слова «інстытутаў»? Тады правільна, інстытуты паміраюць. Але без кровапраліцця.
А вось наконт калапсу эканомікі шаноўны доктар гісторыі вельмі жорстка памыліўся. Праз 100 год пасля Слаўнай рэвалюцыі Англія (дакладней — Брытанія) стала першай эканомікай свету, пачала Прамысловую рэвалюцыю (век паравой машыны) і выцясняць Францыю з Паўночнай Амерыкі ды Індастана… Не думаю, што пасля Рэвалюцыі гваздзікоў горш жывецца ў Партугаліі, затое дакладна ведаю, што ў эканамічным развіцці Іспанія абагнала Расію. А пра чэхаў недарма кажуць, што яны — славянскія немцы. Дый Славакія пасля рэвалюцыі не гаруе.
Спытаюць: а Расія пасля Вялікай рэвалюцыі? Дык справа ў тым, што ў Расіі праз 8 месяцаў пасля дэмакратычнай рэвалюцыі адбылася гвалтоўная контррэвалюцыя, якая знішчыла зародкі дэмакратыі. Не было ў Расіі свайго Бурбона.
Такім чынам, засвоім: калі ў краіне не праводзяцца рэформы, калі ўлада не шукае кампрамісу, не вядзе з апанентамі дыялог (пра які кажа доктар Марзалюк), рэвалюцыі непазбежныя.
Другое: рэвалюцыі бываюць гвалтоўныя і негвалтоўныя. Які характар набудзе рэвалюцыя ў той ці іншай краіне, залежыць ад канкрэтнай грамадска-палітычнай сітуацыі. Трэцяе: прадказаць час і месца пачатку рэвалюцыі цяжка. Як правіла, рэвалюцыі пачынаюцца ў сталіцах, але вызначыць час іх пачатку не можа ніхто. «Правадыр і настаўнік сусветнага пралетарыяту», выступаючы ў 1915-м перад маладымі швейцарскім сацыял-дэмакратамі, са скрухай казаў, што яго пакаленне, пэўна, не дажыве да новай рэвалюцыі ў Расіі. Калі ж праз нейкія паўтара года рэвалюцыя змяла з пасаду Мікалая ІІ, Ленін першыя два дні не мог паверыць у гэта.
Адсюль выснова: да рэвалюцыі трэба быць гатовым штодзень. Улада ведае пра гэта. Таму і вядзе няспынна палітыку прэвентыўнай контррэвалюцыі.