Расійскі шавіністычны сайт «Спутнік і пагром» зноў ударыўся ў звыклыя для сябе фантазіі. На гэты раз рэсурс Ягора Прасвірніна кінуўся падлічваць, колькі ж медалёў у Рыа-дэ-Жанэйра заваявалі «рускія» спартсмены.

Перш-наперш са спісу «рускіх» былі выкінутыя ўсе прадстаўнікі каўказскіх народаў, якія традыцыйна добра выступаюць у адзінаборствах.

«Спутнік і пагром» вырашыў таксама не ўключаць украінскіх медалістаў. Гэта яны патлумачылі жаданнем не падстаўляць «рускіх» спартсменаў Украіны.

А вось беларуская зборная была ўключаная амаль у поўным складзе. Выключэннем сталі барцы Джавід Гамзатаў і Ібрагім Саідаў, а таксама плыўчыха Аляксандра Герасіменя.

Калі з Гамзатавым і Саідавым усё ясна, то Герасіменю не ўключылі з прычыны таго, што яна лічыць сябе «беларускай». Так-так, слова «беларусы» гэты чарнасоценскі сайт бярэ ў двукоссі, падкрэсліваючы, што ніякай Беларусі няма.

Таксама з нейкай прычыны са спісу «рускіх» была выключана вяслярка Марына Літвінчук, хаця тры яе партнёркі па чоўне ўключаныя.

Яшчэ ў «рускія» спартсмены ўключаныя некаторыя казахі, азербайджанцы і немцы.

Вось так некаторыя расійскія сайты спрабуюць прывучыць, што Беларусь — гэта частка Расіі. А тым беларусам, якія з гэтым не згодныя, не месца ў «рускім свеце».

Праўда, такія фантазіі шавіністаў выглядаюць абсалютна абсурднымі і недарэчнымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?