Жыхар Ліды Аляксандр Аўдзевіч за два месяцы перасёк на інвалідным вазку 10 краін Еўропы, а 30 жніўня ў пасольстве Беларусі ў Францыі з ім сустрэўся амбасадар Беларусі ў Францыі Павел Латушка. Пра гэта паведамілі ў дыпмісіі.

Павел Латушка выказаў словы падтрымкі Аляксандру Аўдзевічу і пажадаў удалага падарожжа. Беларускі дыпламат падзякаваў вандроўніку за намаганні па папулярызацыі Беларусі за яе межамі, а таксама выказаў гатоўнасць аказаць неабходнае садзейнічанне падчас паездкі па тэрыторыі Францыі, Іспаніі і Партугаліі.

Аляксандр Аўдзевіч пачаў сваё падарожжа 1 ліпеня ў Мінску. За 60 дзён грамадзянін Беларусі ўжо праехаў Літву, Латвію, Эстонію, Фінляндыю, Швецыю, Данію, Германію, Нідэрланды і Бельгію. Пасля Францыі ў планах беларуса наведаць Іспанію і Партугалію.

Мэта паездкі беларуса — прадэманстраваць, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі таксама могуць пазнаваць i змяняць свет да лепшага. Акрамя таго, мужчына хоча расказаць пра Беларусь за яе межамі. У кожнай краіне, якую праязджае мужчына, ён вучыць мясцовых жыхароў двум словам: «Беларусь» і «Ліда». Таксама ён дае інтэрв'ю мясцовым СМІ, у якіх распавядае пра краіну. Так, у Парыжы Аляксандр Аўдзевіч даў інтэрв'ю французскай радыёстанцыі RFI.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?