Ня маючы сталай працы, я атрымаў добрую магчымасьць крыху падзарабіць ва Ўкраіне.

Адбылося гэта дзякуючы таму, што на 25 траўня былі прызначаныя пазачарговыя выбары мэра Кіева. Аранжавая кааліцыя на чале зь Юляй Цімашэнкай, незадаволеная адсутнасьцю кантролю за працэсамі, што адбываюцца ў сталіцы, ініцыявала гэтыя выбары, а прэзыдэнт Юшчанка на іх пагадзіўся. Таму другую палову красавіка і ўвесь травень ва ўкраінскіх палітычных колах толькі і было размоваў, «ці здымуць Лёню‑Космаса», гэта значыць, цяперашняга мэра — апалітычнага і эксцэнтрычнага Леаніда Чарнавецкага. Ён атрымаў такую мянушку за прылюднае «лунаньне ў аблоках» падчас выступаў ды ўвогуле на людзях.

Істэблішмэнт супраць Лёні‑Космаса

Праз знаёмых беларусаў, якія атрымалі запрашэньне паўдзельнічаць у працэсе, туды трапіў і я.

Першапачатковае запрашэньне было ад штабу Віталя Клічка, колішняга чэмпіёна сьвету ў прафэсійным боксе, які на пачатку выбараў лічыўся галоўным праціўнікам Чарнавецкага ды пазыцыянаваў сябе як кандыдат ад правых. Але кулюарныя гульні і амбіцыі ўкраінскіх палітыкаў прывялі да таго, што розных кандыдатаў павылучалі ўсе правыя сілы, у тым ліку і блёк Юлі Цімашэнкі, які высунуў Аляксандра Турчынава.

Ужо на пачатку выбараў было зразумела, што такая колькасьць правых кандыдатаў раздробіць электарат на кавалкі, і раз выбары мэра тут праходзяць у адзін тур, ніхто паасобку ня здолее скласьці Чарнавецкаму канкурэнцыі. Але было спадзяваньне на тое, што хоць бы нехта з кандыдатаў здолее дамовіцца ды зьняцца.

А тым часам у горадзе пачалася агітацыя. Цяжка ўявіць сабе такое ў Менску. Усякае больш‑менш значнае скрыжаваньне зь першага дня запоўнілася агітацыйнымі намётамі. Гарадзкая выбарная камісія зарэгістравала больш за 70 (!) кандыдатаў. Кандыдатам у мэры быць няцяжка. Мець 18 гадоў, ня мець судзімасьцяў і сабраць 300 подпісаў гараджан было дастаткова.

Прапанову падпрацаваць на выбарах можна было прачытаць на кожным слупе. «Тэрмінова патрэбныя прамоўтэры, аплата пагадзінная, праца ў вольны час». Такія аб’явы запаланілі будынкі ўнівэрсытэтаў і двары дамоў. Студэнты і пэнсіянэры — самыя актыўныя агітатары, бо абедзьвюм катэгорыям вельмі нестае грошай і хапае вольнага часу.

Палітрынак

У апошні момант я схіліўся да працы на кандыдата ад БЮТ Турчынава. Праз знаёмства атрымалася ўладкавацца там куратарам. Зрэшты, маючы досьвед працы на выбарах і пэўны ўзрост, стаць куратарам нескладана, трэба толькі прывесьці за сабой у штаб чалавек 20—30 прамоўтэраў. Гэта для мяне ня склала б цяжкасьці ў Менску, але ў малазнаёмым горадзе выявілася праблемай. З прамоўтэрамі мне дапамаглі.

Першыя дні працы выявіліся дужа складанымі. Штаб Турчынава вырашыў уразіць гараджан нечым асаблівым. Звычайных агітацыйных намётаў з каляндарыкамі, газэткамі і да таго падобнымі паперкамі больш чым хапала. Але варта сказаць, што ўвагі ім мала хто надае. Трэба былі арыгінальныя хады. І такім ходам ад БЮТ стала разгортваньне на перакрыжаваньнях вялікіх экранаў, дзе праз праектар круціліся папулярныя мульцікі, перамежаваныя рэклямай кандыдата. Таксама з моцных калёнак увесь час гучала разнастайная музыка ды заклікі галасаваць за Турчынава.

І пакуль прамоўтэры хадзілі побач ды раздавалі агітацыйную прадукцыю, я павінен быў усталёўваць ды падтрымліваць дзеяздольнасьць гэтай тэхнічнай канструкцыі. Як на тое ліха, дзесьці з тыдзень у Кіеве дзьмуў моцны вецер, і экран 5 на 3 мэтры ператвараўся ў ветразь, які ўвесь час, ломячы дзюралевыя зборныя канструкцыі, валіўся на зямлю. На працягу тыдня справу атрымалася неяк наладзіць, нацягаўшы з прылеглых будоўляў цаглін ды збольшага замацаваўшы працоўнае месца.

Плацілі прамоўтэрам па 13 грыўняў за гадзіну, куратару — 20. Курс на той момант быў 4,75 грыўні за даляр. Праца па 12 гадзін на дзень давала мне 240 грыўняў.

Чые калёнкі большыя

Праз тры тыдні працы прайшлі першыя замеры рэйтынгаў кандыдатаў. І тут стала зразумела, што без тэрміновага абраньня адзінага кандыдата правым не перамагчы. Але і тое, што яны гэтага ня зробяць таксама, стала зразумела па тым чорным піяры, які яны ўжывалі ў дачыненьні адзін да аднаго.

Увогуле кампанія на вуліцах гораду ішла спакойна. Агітатары з супрацьлеглай ідэалёгіяй хадзілі адзін да аднаго ў намёт паразмаўляць, а часам і падмяняліся ў выпадку якой патрэбы. Лаянка ішла толькі ў тэле‑ ды радыёэтэрах. Складвалася ўражаньне, што абсалютнай большасьці кіяўлян абсалютна фіялетава, хто пераможа на выбарах, галоўнае з гэтых выбараў атрымаць якую‑небудзь карысьць.

Па нейкім часе ў адказ на гукаўзмацняльную апаратуру Турчынава Камуністычная партыя зрабіла свой крок. Пафарбаваныя ў зялёны колер мікрааўтобусы з чырвонымі сьцягамі цэлы дзень гойсалі па горадзе, а з дынамікаў зь неслабым гукам вырываліся заклікі галасаваць за камуністаў. Пры гэтым яны таксама перамяжоўваліся музыкай. І калі «Широка страна моя родная» пачуць было досыць чакана, то некалькі запар песень у выкананьні Цоя ад камуністаў крыху шакавалі. Цікава, што б сам Віктар на гэта сказаў?

Некалькі разоў аўто камуністаў спынялася насупраць нашага намёту ды давала гук напоўніцу, каб перакрыць наш. Мы адказвалі. Тады на вуліцы стаяў такі гармідар, што з вокнаў высоўваліся жыхары гораду ды мацюкаліся на нас, дый яшчэ запускалі нечым у калёнкі. Па тэлеканале, які належыць мэру Чарнавецкаму, супраць нашых установак распачалі сапраўдную народную вайну. У выніку за тры тыдні да выбараў штаб Турчынава вырашыў згарнуць устаноўкі ды разьлічыўся зь людзьмі, пакінуўшы тых думаць, што ж рабіць далей.

Уранку за аранжавых, увечары за сініх

Большасьць не разгубілася і перакінулася да іншых кандыдатаў, якія яшчэ мелі вольныя месцы. Тут гэта звычайная справа. Адзін з хлопцаў, які працаваў са мной, распавядаў, што падчас апошніх выбараў у Вярхоўную Раду да абеду стаяў за аранжавых, пасьля абеду — за блакітных. Грошы давалі і тыя і тыя. Увогуле, здаецца, акрамя саміх кандыдатаў, нікога ў штабах не цікавіў вынік выбараў, усе спрабавалі толькі дзесьці штосьці займець. Кіраўнікі штабоў абкрадалі каардынатараў, тыя — куратараў, куратары нажываліся за кошт агітатараў.

Агулам на перадвыбарную кампанію, паводле падлікаў экспэртаў, кандыдаты патрацілі ў Кіеве каля мільярда грыўняў, ці каля 220 мільёнаў даляраў. Факт у тым, што грошы гэтыя аселі ў горадзе. Таму кіеўцы так і любяць выбары, што падчас іх мясцовыя алігархі выдаюць народу крыху грошай…

Апошнія тры тыдні давялося папрацаваць на кандыдата ад Эўрапейскай партыі Міколу Кацерынчука. Цэны там былі крыху вышэйшыя, а абавязкаў значна менш. Кандыдат быў абсалютна непрахадны, і яго нават называлі тэхнічным. Быццам яго высунуў цяперашні мэр з мэтай адабраць галасы ў дэмакратаў. Адразу скажу, што набраў Кацерынчук усяго 3%, нягледзячы на найбольшыя выдаткі на агітацыю.

Давялося пабачыць і так званыя факты спробаў подкупу выбарцаў. Калі на мінулых выбарах людзі цяперашняга мэра разносілі па кватэрах прадуктовыя наборы з грэчкі ды алею, то цяпер шмат хто перад выбарамі атрымоўваў у паштовую скрыню грашовы пераказ на 100—300 грыўняў, дзе ў графе «Ад каго» стаяла прозьвішча аднаго з кандыдатаў. У прынцыпе, атрыманьне гэтых грошай ні да чаго не абавязвала, таму кіеўцы сьмела іх атрымоўвалі. А вось іншая схема была больш прадуманая. Прагаласаваўшы за патрэбнага кандыдата, трэба было сфатаграфаваць свой бюлетэнь у кабінцы для галасаваньня на фатакамэру мабільніка і на выхадзе з участку вам давалі вашыя 100—300 грыўняў. Супраць гэтай схемы пракуратура нават пачала расьсьледаваньне.

Хто спыніць «дзерыбан»

У апошні тыдзень выбараў досыць зьдзівіў кандыдат ад прарасейскай Партыі рэгіёнаў, які за 100 тыс. эўра наладзіў на адной з цэнтральных плошчаў гораду бясплатны канцэрт легендарных Scorpions. Але ж неяк недарэчна гучаў зь іх вуснаў знакаміты «Wind of Change» разам з агітацыяй людзей, якія раяць Украіне ісьці ў напрамку Расеі… Зрэшты, у выніку ён атрымаў толькі 2% галасоў.

Адным словам, абсурду хапала. Мясцовыя газэты пісалі, што мітрапаліт Лаўр пойдзе на выбары ў гарадзкую мэрыю па сьпісе ад Партыі камуністаў, але ў выніку ён пайшоў па сьпісе ад той жа Партыі рэгіёнаў. Абяцалі кандыдаты ўсё адно і тое ж: ачысьціць горад ад бруду (а яго тут сапраўды вельмі і вельмі шмат) і спыніць «дзерыбан» кіеўскай зямлі. Самае цікавае, што шмат якія партыі мелі ў сьпісах лю¬дзей, якія гэтым «дзерыбанам» непасрэдна займаюцца.

Усё гэта разам выклікала стому гараджан. Старыя тэхналёгіі тут ужо ня дзейнічаюць, і на наступных выбарах будучым кандыдатам трэба нешта новае прыдумляць, каб вярнуць гораду цікавасьць да палітыкі…

А перамог у выніку таго, што аранжавыя так і ня здолелі памірыцца адзін з адным, цяперашні мэр Леанід Чарнавецкі, які набраў 37% галасоў. А па 19% набралі Турчынаў і Клічко. Што і трэба было даказаць.

Аляксей Шыдлоўскі, Кіеў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0