Экзатычная мова

Адкуль у жыцці сярэднестатыстычнага беларуса сёння бярэцца беларуская мова? Правільна, са школы і ўспаміны пра яе не заўсёды шчаслівыя. А адкуль возьмецца той, хто захоча аддаць дзіця ў беларускамоўную школу ці садок, калі мова ў нас у жыцці — з'ява экзатычная. Тыя адзінкавыя выпадкі, калі яна ўжываецца ў абсалютна натуральных месцах, мы вымушаныя заўважаць і асобным чынам дзякаваць — нават хэштэг адмысловы завялі #дзякуйзамову.

Як думаеце, колькі ў Гомелі беларускамоўных садкоў з больш як 120 агулам? Аніводнага. З прыблізна 500 групак навучэнцаў толькі адна беларускамоўная. 

Чыноўнікі кажуць: «За доўгія гады да нас ніхто не звяртаўся». Давайце прыкінем чыста статыстычна. 500 груп — гэта каля 10.000 дзяцей, а «за доўгія гады» — гэта не менш як 50.000, то бок у гарвыканкаме лічаць, што з сотняў тысячаў бацькоў НІХТО не папрасіў арганізаваць беларускамоўнае навучанне для дзетак? Такога проста не можа быць. І такога няма. Не верыце — дакажу!

Цэлыя тры святы

Гомельскае аддзяленне «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» тры гады таму ўжо звярталася з просьбай растлумачыць сітуацыю з беларускамоўным навучаннем у Гомелі. Тады нам адказалі ў тыповым чынавецкім стылі: «Мы вось цэлыя тры нацыянальныя святы для дзяцей на год ладзім і ўвогуле беларускую мову вельмі любім і паважаем».

Сёлета мы вырашылі зрабіць хітрэй ды й напісалі ва ўсе дзіцячыя садкі Гомеля лісты з пытаннямі, ці ёсць у іх магчымасць ды жаданне ўвогуле навучаць дзетак па-беларуску, а калі што — дык можа праблемы якія маюцца?

Праз нейкі час пачалі ісці адказы. У вызначаны законам тэрмін адказалі толькі 6 садкоў. 

Далей давялося тэлефанаваць у кожны садок ды запытваць, у чым справа. Чаго толькі мы ў тых перамовах не наслухаліся. У адных «дзень беларускай мовы шточацвер», толькі вось выкладчыкаў, якія валодаюць беларускай, няма — як, узнікае пытанне, вы гэтыя самыя дні праводзіце? Нехта казаў, што кепска валодаюць беларускай мовай, таму не зразумелі ўвогуле, што мы ад іх хочам, і здзіўляліся існаванню закона аб зваротах грамадзян. Наслухаліся, карацей, перлаў.

Трэба сказаць, што так ці інакш адказы мы выбілі з 52% садкоў, таму маем права казаць пра рэпрэзентатыўнасць выбаркі. Каля 15% ухілілася ад адказу па сутнасці або адказалі сухой фразай без тлумачэнняў: «Заинтересованность есть, возможностей нет».

А вось што сярод тых, хто называлі хоць якія прычыны, маем наступную карціну:

28 % — не маюць падрыхтаваных выкладчыкаў.

Гэта не значыць, што астатнія 72% — маюць, хутчэй за ўсё, астатнія пра гэта пабаяліся заяўляць.

Давайце падумаем, што хаваецца за гэтай лічбай. У ранейшых адказах нам даводзілі, што ўсе выпускнікі каледжа «маюць права» выкладаць па-беларуску ды рэгулярна праходзяць курсы перападрыхтоўкі. Як яны іх тады праходзяць? Выхавацелі абавязаныя ведаць беларускую мову, бо гэта ёсць патрабаваннем да іх кваліфікацыі як педагогаў. За што, скажыце, выкладчыкі курсаў перападрыхтоўкі грошы атрымліваюць?

Канешне, бацькі самі павінныя больш актыўна змагацца за беларускую мову ў навучанні сваіх дзяцей, бо 53% садкоў спасылаліся на незацікаўленасць тэмай з боку бацькоў (паверым, як кажуць, бо іншага не застаецца), але трэба разбірацца. Што ёсць дзяржава? — добраахвотнае ўтварэнне людзей: калі адны аддаюць частку свабод і фінансаў іншым у абмен на пэўны клопат з боку той самай дзяржавы. Беларуская мова — адна з дзвюх дзяржаўных, адпаведна і клопат пра яе захаванне і развіццё — наўпроставы абавязак дзяржавы, а не нейкая літасць. І агітацыя павінная быць, і заахвочванне, калі трэба — іншая стымуляцыя. Дзеля чаго? А навошта нам было 25 год таму здабываць незалежнасьць? Каб быць гаспадарамі на сваёй зямлі.

Але вернемся да лічбаў. Частка называлі праблемай — адсутнасць метадычнай літаратуры (каля 11%), памяшканняў (21%), і г.д. І зноў гэта не значыць, што астатнія 89% і 79% адпаведна маюць літаратуру (пра гэта шчыра заявілі толькі 5%) і памяшканні, цалкам верагодна, што іншыя пра гэта пабаяліся казаць. Як такое, скажыце, можа быць, калі дзяржава гарантуе выбар мовы?

Пра той самы выбар без выбару (фраза становіцца беларускім афарызмам)

Сёння бацькі становяцца на ўлік у мясцовым аддзеле адукацыі, праз нейкі час ім паведамляюць, што можна падаваць заяву ў неабходны садок, і тут ім прапануюць выбар мовы навучання. На гэтай стадыі знаходзяцца людзі (нізкі ім паклон), якія выбіраюць беларускую. Далей іх пачынаюць адгаворваць ды папярэджваць, што ахвочым «навучацца па-беларуску» трэба сабраць такіх жа яшчэ мінімум 19 сем'яў. Першая нестыковачка для абазнанага вока. Гэта не бацькі абавязаныя шукаць нейкія сем'і, а садкі ў сілу сваіх прамых функцый. Калі ў заяве ёсць выбар — яго мусіце забяспечыць! Адной маёй знаёмай да ўсяго хацелі прапанаваць ці не шукаць беларускамоўнага выхавацеля. 

Зараз інфармацыя для неабазнаных. У кожнага садка існуе свая чарга на залічэнне. Дык, сыходзячы з логікі сённяшняй сістэмы, для стварэння беларускамоўнай групы трэба набраць 20 дзетак ды не проста так, а каб яны ўсе хацелі хадзіць у гэты садок і стаялі запар (!!!), то бок адзін за адным у гэтай самай чарзе. Інакш — групе не бываць. 

Тут трэба сказаць, што адна беларускамоўная група ў Гомелі ўсё ж існуе. У садку № 160, што на вуліцы Косарава. Набор у яе ідзе раз на 4 гады выключна дзякуючы высілкам заангажаванай выхавацельніцы. І чарга ў яе наперад, і ўвогуле туды не прабіцца, і свайго ўнука загадчыца туды ўціснула. Вось што робіць чалавек, калі ён на сваім месцы. Нізкі паклон і яму. 

Разумеючы праблему, мы ў Гомельскім ТБМ доўга думалі ды шукалі выйсце з гэтай сітуацыі. А што, калі для такіх дзетак зрабіць асобную «чаргу» і каб яна хутчэй ішла, рабіць гэта ў межах не аднаго садка, а раёна? І чаргу рэгістраваць у аддзеле адукацыі пры кожным раёне, каб потым па прынцыпе субсідыярнасці (каб разбіраліся на месцы) раён сам вырашаў дзе адкрыць тую саму групку, дзе для таго ёсць выкладчык, памяшканне і г.д. Для «вагі» сабралі пад зваротам 500 подпісаў гамельчукоў (дзякуй тым, хто нас падтрымаў і хто дапамог сабраць подпісы) ды занеслі ў гарвыканкам. 

Яшчэ раз пра лічбы 

Дзясятак садкоў не паленаваліся і правялі-такі апытанне сярод бацькоў ды паведамілі лічбы нам. Лічбы былі розныя: дзе 2, дзе 5, дзе 10 — да 15% бацькоў выказваліся за беларускамоўную групу. А зараз давайце прыгадаем «доўгія гады да нас ніхто не звяртаўся», а таму і не звярталіся, што біцца з чыноўнікамі, сілаў у людзей няма, а калі гаворка ідзе пра дзіця, то мала хто наважыцца ісці насуперак сістэмы. Але за гэтымі лічбамі — канкрэтныя сем'і. Мяркую, што ў межах горада смела можна казаць пра 5% ахвочых навучацца па-беларуску, а пры належнай агітацыі, перакананая, лічба можа вырасці да 25—30%, а гэта тысячы маленькіх беларусікаў. 

Пазітыўнае стаўленне да самой ідэі маюць толькі (або цэлых?) 16% дзіцячых садкоў Гомеля і толькі чвэрць спрабавала адказаць на мове звароту — беларускай. 

Роўненька праз месяц атрымалі адказ на наш калектыўны зварот.

Адказалі нам па-руску, тады калі мы складалі зварот на дзвюх мовах, падкрэсліваючы такім чынам іх меркаванае раўнапраў'е.

Ігнаруючы прапанову стварэння асобнай чаргі ў гарвыканкаме спаслаліся на 500 старонак загада Прэзідэнта № 200 ад 26.04.2010 «Об административных процедурах, осуществляемых государственными органами и иными организациями по заявлениям граждан» (дарэчы, па-беларуску гэтага дакумента не існуе) і пастанову Міністэрства адукацыі №234 ад 16.08.2011 «О порядке постановки на учет детей, нуждающихся в определении в учреждение образования для получения дошкольного образования» (сітуацыя з мовай тая ж).

У гэтых дакументах нідзе не абгаворваецца мова і не вылучаецца выбар мовы. Але праблема з рэалізацыяй правоў беларускамоўных існуе, так чаму б выканкаму не было праявіць ініцыятыву ды, ніяк не парушаючы прыгаданыя прававыя акты, арганізаваць улік для «беларускамоўных» дзетак? Так, падобныя спісы ахвотных арганізавалі ў Гродне і ніякі закон для гэтага перашкодай не стаў.

Мы, як арганізацыя, паднялі праблему знізу, прааналізавалі, распавялі пра прычыны, выкрылі хібы сістэмы, прапанавалі шляхі выйсця, прыцягнулі людзей на свой бок. Выканалі цалкам ролю НДА-структуры. На гэта грамадзянская супольнасць і патрэбная, каб дапамагаць дзяржаве. 

Да нас не прыслухаліся. 

З пазітыўных момантаў адказу: 

Паабяцалі стварыць «пры наяўнасці ахвочых» групку ў садку № 47 (вул Брэсцкая, 4 — раён ДК «Фестывальны»), дзе для таго, як аказалася, быў выкладчык і дадаць яшчэ адну ў садку №160 для дзетак 2—3 гадоў зноў «пры наяўнасці ахвочых», дзе адзіная ў Гомелі група існуе сёння. Атрымоўваецца, што праблема толькі адна — выкладчыкі.

Людзі добрыя, мо каму цікавая праца выхавацелем?

Праўда, у тэлефоннай размове з загадчыцай аднаго з садкоў пасля чарговых скаргаў пра тое, што няма выхавацеля, я прапанавала сваю кандыдатуру. Але я са сваёй вышайшай лінгвістычная адукацыяй (МДЛУ) была для іх занадта «пераадукаваная».

Ствараць чаргу, на маю думку, пабаяліся, бо калі ў яе пачнуць запісвацца дзясяткі, то вылезе вонкі адсутнасць тых самых педагогаў, што ўскрые цэлую сістэмную праблему — разбураную адукацыю ў Беларусі. Затое па выніках нашай працы маем трохразовае павелічэнне колькасці беларускамоўных груп у Гомелі (была адна, стала тры), з чым нас усіх і віншуем. 

Адзіны ў Гомелі беларускамоўны клас распачынае працу з 1 верасня ў гімназіі імя Мележа — гэта ўрачыста абяцала на прыёме спадарыня Ганна Васільеўна Мельнікава, начальніца аддзела адукацыі, спорту і турызму. 

Да бацькоў

Калі ў вас ёсць жаданне аддаць дзіця ў беларускамоўную групку ці вы хацелі б знайсці аднадумцаў для сумеснага баўлення часу для дзетак — звяртайцеся. І самае галоўнае — пішыце заявы ў выканкамы, паведамляйце пра беларускую мову навучання, вось проста зараз бярыце ды пішыце і абавязкова інфармуйце нас, каб мы гэты працэс кантралявалі. Будзем намагацца вам дапамагчы. Мець на ўвазе можна не толькі 47 ды 160 садок, але любы, які вам бліжэйшы. Вельмі важна падымаць пытанні па канкрэтных садках. Будзе болей ахвочых — будзе прасцей арганізавацца. Ды і трэба, каб у выканкаме ўрэшце даведаліся, што такія людзі ёсць. 

Раз не захацела дзяржава — фіксаваць ахвочых навучацца па-беларуску, то будзем мы самі аб'ядноўваць людзей хаця б у межах раёнаў і ўжо не прапаноўваць і прасіць, але патрабаваць стварэння груп, там, дзе будзе зручна «нашым» бацькам.

Пра людзей

Падчас збору подпісаў мы заўважылі, што людзі вельмі станоўча ставяцца да беларускай мовы. З некалькіх сотняў размоў на вуліцах толькі пара чалавек рашуча адмовіла ставіць подпіс, аргументаваўшы тым, што яны «супраць беларускай мовы», астатнія вельмі прыязна ставяцца, падтрымліваюць, шкадуюць, што не ведаюць мову самі ды падпісваюцца. Зараз на мяне пасыплюцца дзясяткі каментароў пра «калхозны язык», так вось, прыхільнікі беларушчыны, не зважайце на хэйтэраў ды троляў, большасць — за намі, нам бы паактыўнейшымі трэба быць.

Кантактная інфармацыя:

 [email protected]
+375 29 9089162 (Алеся)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?