Вялікую дыскусію ў фэйсбуку выклікаў агітацыйны плакат кандыдата ў дэпутаты па Докшыцкай выбарчай акрузе №22 Уладзіміра Малахоўскага.

49-гадовы індывідуальны прадпрымальнік з Віцебска надрукаваў улёткі на дзвюх мовах — беларускай і польскай. Тэкст наступны: «Уладзімір Малахоўскі. Паляк. Каталік. Традыцыя. Сям’я. Уласнасць. Вярнуць зямлю ўласнікам!» У польскамоўным плакаце адзначаецца: «Вярнуць зямлю ўласнікам на момант 1939 года».

Таксама гэта суправаджалася невялікімі ўлёткамі, дзе было напісана: «Не думай, што калі сюды прыйдзе Расея, тады жыць стане лепей. Расея — гэта нявыплаты заробкаў і пенсій. Расея — гэта неўладкаванае і неўпарадкаванае жыццё. Расея — гэта вайна! Не хочаш вайны? Будзь патрыётам. Стань Літвінам і будзь ім!»

Назіральнікі адразу звярнулі ўвагу, што быць ліцвінам заклікае паляк. Апроч усяго гэтага, улёткі ўпрыгожаныя згадваннем Партыі БНФ, сябрам якой з’яўляецца Малахоўскі, а таксама гербам паўстанцаў 1863 года.

Мы вырашылі патэлефанаваць Уладзіміру Малахоўскаму, каб абгаварыць спрэчныя моманты ягоных плакатаў, але канструктыўнай размовы не выйшла.

«Ёсць праграма партыі, і я яе выконваю», — сказаў Уладзімір Малахоўскі.

А чаму размова толькі пра ўласнікаў зямлі на момант 1939 года, што рабіць з уласнікамі зямлі ва ўсходняй Беларусі, спыталіся мы.

«Пачытайце на сайце партыі, там усё ёсць», — адказаў кандыдат.

Вы заклікаеце быць ліцвінам, але пры гэтым з’яўляецеся палякам, гэта не супярэчыць адно аднаму?

«Што зрабіць… Мне так падабаецца».

Ці вяртаць зямлю польскім асаднікам, якія фактычна з’яўляліся каланістамі Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд?

«Тут гаворка, што зямля ім належала, што значыць, аддаць… З гэтым паспрачацца можна».

Больш кандыдат размаўляць не хацеў, спробы пераканаць яго, што мы даем магчымасць данесці сваю праграму большай колькасці выбарцаў, не спрацавалі.

«Мне трэба пракансультавацца з кіраўніцтвам», — стаў развітвацца пан Малахоўскі. Спробы дазваніцца да яго ў другі раз плёну не далі.

У перадвыбарчай платформе Партыі БНФ сапраўды ёсць наступны пункт: «Пераход да прыватнай уласнасці на зямлю павінен ажыццяўляцца трыма шляхамі: продаж, вяртанне па паях-унёсках у калгасы і рэстытуцыя. Першачарговае права на прэтэнзію павінны мець тыя, у каго зямлю забралі раней. Пры тэхнічнай немажлівасці вярнуць зямлю ў натуральным выглядзе прэтэндэнту выплачваецца грашовая кампенсацыя. Калі прэтэнзіі вычарпаныя, дадзеная дзялянка выстаўляецца на аўкцыён і прадаецца».

Уладзімір Малахоўскі вылучаецца ад групоўкі так званых «Літвінаў-краёўцаў і палякаў ад Партыі БНФ». Апроч яго, ёсць яшчэ Віктар Карыбут-Дашкевіч у Пастаўскай акрузе №29 і Зміцер Варабей у Івацэвіцкай акрузе. Лідарам гэтай суполкі з’яўляецца Аляксандр Стральцоў-Карвацкі, намеснік старшыні Партыі БНФ.

Першым востра на плакаты Уладзіміра Малахоўскага адрэагаваў дызайнер Стась Карпаў: «Можа нам усю заходнюю Беларусь «вярнуць»? Чакаю ў БНФ з'яўлення кандыдацікаў тыпу «Рускі. Праваслаўны» аддаваць «ВітебскЪ исконнымъ владетелямъ».

«Ёсць у БНФ нехта ад літоўцаў? Каб Ліду і Мір «вярнуць»?», — працягвае Стась.

«Сціплы хлопец, а трэба быць больш шчырым. «Паляк. Католік. Пан. Вярнуць зямлю i прыгонных ўласнiкам!» — іранізуе польская перакладчыца Малгажата Бухалік.

«У сказе пра вяртанне зямлі нашчадкам яе ўладальнікаў да 1939 года на плакаце кандыдата БНФ не бачу нічога страшнага. У такіх рэчаў, звычайна, поўна дэталяў. І грамадзянства павінна быць беларускае, і абавязкі ў апрацоўцы або камерцыйным выкарыстанні, гарантыі таго, што яна не зарасце бур'яном. Не гэта дзікасць, а тое, што нехта скраў зямлю ў чалавека і не адказаў за гэта. Нехта ішачыў на зямлі, збіраў гадамі грошы, каб яе выкупіць, выкупіў, а потым яго з яе выгналі. Ну і чыста практычна: такіх жадаючых будзе вобмаль, але гэта будзе справядліва», — зазначае журналіст Дзмітрый Гурневіч.

Рэстытуцыя — гэта форма матэрыяльнага вяртання шкоды ў выніку неправамоцнага акта. Здзяйсняцца рэстытуцыя можа рознымі шляхамі — вяртанне нерухомасці, зямлі, грашовая кампенсацыя. У той ці іншай форме законы аб рэстытуцыі прынятыя ў Літве, Польшчы, Латвіі. Найбольш далёка ў гэтым накірунку прасунуліся чэхі, а вось у той жа Польшчы праз шэраг прычын яна тармозіцца. Перадусім таму, што вялікай доляй уласнасці да 1945 валодалі прадстаўнікі нятытульнай нацыі.

«Пры цяперашняй сітуацыі ў Беларусі, я думаю, зямлю задарма можна было б даваць любому чалавеку, які гатовы быў бы на ёй працаваць і прыняць на сябе «абавязкі ў апрацоўцы або камерцыйным выкарыстанні, гарантыі таго, што яна не зарасце бур'яном. Без залежнасці, валодалі ёй ягоныя продкі ці не», — падсумаваў у фэйсбуку гісторык Аляксандр Пашкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?