На могілках у сяле Крытышын, што каля Янова (Іванава), на свята Спаса, 19 жніўня, на магілы прыносяць яблыкі.
Дзе-нідзе ў пяску тырчаць таксама лыжкі ды відэльцы.
Дзе-нідзе ляжаць і цукеркі, кавалкі каравая.
Яблык ляжыць і на першапахаванні 20-гадовага Васіля Кужалінава.
Юнака спалілі жыўцом нацысты ў 1942. На ягонай вычышчанай магіле стаіць новы, шасціканцовы крыж — такія тут пачалі ставіць толькі з 1990-х. Да таго ставілі чатырохканцовыя.
На Крытышынскіх могілках шмат магіл партызан і іх сямей.
Акрамя прасавецкіх партызан, у гэтых краях дзейнічала і шматлікае антысавецкае падполле.
Фактычная грамадзянская вайна ў гэтых мясцінах пачалася пры немцах і працягвалася пасля іх адыходу, з 1944 да 1953. Антысавецкія партызаны абапіраліся на масавую падтрымку заможных гаспадароў. Арганізаванай сілай тут была Украінская паўстанцкая армія. Але іх магіл не знойдзеш: савецкія ўлады не дазвалялі ўшаноўваць пахаванні сваіх праціўнікаў.
Могілкі Крытышына прыгажэйшыя, лепш дагледжаныя, чым у суседніх Гнеўчычах.
Крытышын. Тыповы стары крыж у цэнтры могілак, абвязаны сапраўдным ручніком.
Ручнік характэрны для Кобрыня, Янова і Дарагічына: усе колеры разам.
У Гнеўчычах дрэвы амаль усе чыста парэзалі — нават там, дзе магіл няма. Камусьці трэ было салярку «скарыстаць». А вось бур'яну на старых частках могілак — не прадзерціся.
Затое ў Гнеўчычах масава стаяць «сонцакрыжы» — чатырохканцовыя, а паміж канцамі яшчэ чатыры нібы пратуберанцы. Іх ставілі тут да 1990-х.
Гнеўчычы. «Сонцакрыжы» на могілках.
Пасля, мусіць, памерлі апошнія кавалі-майстры, што іх выраблялі. Дый праваслаўная царква навязвае «правільны» шасціканцовы, хоць і не мясцовы.
Яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагоддзя тут на магілы клалі вялізныя дубовыя ці сасновыя калоды. У розных сёлах іх называлі «нарУбы», ці «прЫхарамы», ці «сталы». (Пра іх быў навуковы артыкул Свіцельскай).
Я сам бачыў іх у Гнеўчычах яшчэ ў 1983. Гэта быў перажытак старой славянскай традыцыі, магчыма, нейкага асобнага племені — яны фіксаваліся толькі ад Жабінкі да Турава, ад Пружанаў да паўночнай Валыні.
Цяпер у Гнеўчычах слядоў не засталося. Відаць, апошнія выцягнулі з могілак разам з парэзанымі дрэвамі. Эстэтычная глухата…
А на могілках Крытышына застаецца шмат знакаў іншай традыцыі: чатырохканцовыя драўляныя крыжы пад стрэшкай. Вось такія:
Крытышын. Чатырохканцовы крыж са стрэшкай.
У маленькай вёсцы Башня яшчэ засталася старая фахверкавая (нямецкай сістэмы) хата, да якой у 1943 (дата нанесеная) была прыбудаваная клуня.
І абнесеныя металапрофілем сядзібы новых дачнікаў. Нашто адгароджваюцца наглуха? Каб там можна было піць і ніхто не бачыў? Іншага тлумачэння ў галаву не прыходзіць.
Башня. Нуварышам краявідаў не трэба.
Крытышын, Гнеўчычы, Башня — гэта колісь было Пінская зямля. Яна ішла да верхавін Піны. Далей была Берасцейшчына ўжо.
Як лічыць навуковец Фёдар Клімчук, мяжу Пінскай і Берасцейскай зямель Х—ХІІІ стагоддзяў дагэтуль можна прасачыць па лініі сакання / сякання ў гаворках. На ўсходзе Іванаўскага раёна «сакалі» (пытаюса, браўса), на захадзе — «сякалі» (пытаюся, браўся).
Ад Піны да Мухаўца ішоў волак на гандлёвым шляху. На пачатку яго на Піне, мусіць, на месцы гасцінага двара часоў «шляху з варагаў у грэкі», было сяло Радагошч («госць» = купец). З часам яно трансфармавалася ў Рагадошч. А сама Піна знікла — замест яе пракапалі Дняпроўска-Бугскі канал.
Над Дняпроўска-Бугскім каналам курганамі насыпаны пясок з прачысткі фарватэру. Гэта рабілася да 1990-х.
Цяпер дно, як тут робяць націск, «пузарОстало», няма дзе закінуць вудку. Канал змяльчэў, у ржавай, руднай вадзе плаваюць печкуры.
Цяжкае ўражанне робяць старыя каталіцкія могілкі каля Башні (на грудзе пры лесе, як ехаць з Башні на Кужалічын). Стары цвінтар амаль зусім закінуты, відаць толькі 4—5 крыжоў. З каталікоў да 1939 жылі тут пераважна асаднікі. Пасля 1945 іх не засталося. На могілках перасталі хаваць, перасталі і глядзець іх.
Побач хутар, яшчэ адносна дагледжаны.
У Гнеўчычах п’яныя хлопцы на мапедзе вітальна махаюць нашай немясцовай машыне рукамі.
У Крытышыне на цэнтральным праменадзе мужыкі п’юць гарэлку сярод расстаўленых да Дажынак упрыгожаных цюкоў саломы.
У цэлым вёскі пакідаюць гнятлівае ўражанне: адчуваецца, што ў людзей мала грошай і многа хто п'е.
Стары будынак у Гнеўчычах стаіць незапатрабаваны.
Але палі абробленыя, дарогі нармальныя, і людзі ёсць. А значыць, ёсць і надзея.
На ўсёй Берасцейшчыне да Дажынак на палях выставілі кампазіцыі з цюкоў саломы.