Амерыканская ракета-носьбіт Falcon 9 прыватнай кампаніі SpaceX выбухнула падчас тэставага запуску на мысе Канаверал у штаце Фларыда.
NASA
Пакуль невядома, ці пацярпеў хто-небудзь пры выбуху. Прычыны інцыдэнту таксама яшчэ не выяўленыя.
Паводле дадзеных СМІ, SpaceX тэставала ракету, якая павінна была ў суботу даставіць на арбіту ізраільскі спадарожнік сувязі.
Над касмадромам падымаюцца клубы дыму. Выбух адчуваўся ў дамах у некалькіх кіламетрах ад месца інцыдэнту.
Кампанія Space Exploration Technologies (SpaceX) належыць каліфарнійскаму прадпрымальніку Ілану Маску. Ракета Falcon 9 праектавалася як шматразовая.
Кампаніі ўжо чатыры разы ўдалося паспяхова пасадзіць першую ступень ракеты на платформу ў акіяне. Вяртанне першай ступені на Зямлю павінна істотна патанніць працэс запуску касмічных апаратаў.
Ракеты Falcon 9 рэгулярна выкарыстоўваюцца для дастаўкі грузаў на Міжнародную касмічную станцыю.