З канца мінулага тыдня ў тургаліне абмяркоўваюць скандал, у цэнтры якога аказалася фірма «СТС Ваяж». Кіраўнік фірмы Андрэй Цюпа з пятніцы не выходзіць на сувязь. Пацярпелымі аказаліся некалькі дзясяткаў кліентаў, а таксама мінімум адзін партнёр, якім Цюпа ў суме вінны, паводле папярэдніх падлікаў, ад 25 да 30 тысяч даляраў. Па чутках, Цюпа мог з'ехаць ва Украіну, адкуль ён родам.

Андрэй Цюпа, фота с сацсетак

Тэлефоны фірмы ў цяперашні час маўчаць, хоць, па некаторых звестках, аб спыненні дзейнасці фірмы гаворка не ідзе. У Мінску ў сп. Цюпы засталася жонка Ірына — афіцыйны дырэктар фірмы «СТС Ваяж». Як распавялі ў Маскоўскім РУУС Мінска, практычна кожны дзень у міліцыю прыходзяць пацярпелыя кліенты і падаюць заявы аб крадзяжы іх сродкаў. Раней кампанія «СТC Ваяж» называлася «Стронг Тур». А ў 2010 годзе сп. Цюпа ўзначальваў фірму «Санта-Круз».

Прадстаўнікі турфірм, калегі Андрэя Цюпы кажуць, што нішто не прадракала падобнага развіцця падзей. Цюпа быў вядомы як досыць надзейны партнёр. Фірма спецыялізавалася на грузінскім кірунку, працавала з Грузіяй як тураператар, па астатніх кірунках мела турагенцкія дамовы. Андрэй Цюпа быў вядомы як адзін з найлепшых спецыялістаў па Грузіі. Летась фірма спрабавала арганізаваць у Грузію рэкламны тур, але спроба аказалася няўдалай.

«Для кліентаў «СТС Ваяж» знікненне Андрэя з грашыма стала проста шокам, — каментуе сітуацыю адзін з калег Цюпы. — Многія ездзілі праз фірму па 3-4 гады, былі ў сяброўскіх адносінах з Андрэем. Сёй-той не падпісваў дамовы, проста аддаваў грошы, давяраючы даўняму знаёмаму. Цяпер пры падачы заявы ў міліцыю ім няма чаго будзе прад'явіць у якасці дакументальнага пацверджання».

Па прыблізных падліках, пацярпелымі могуць аказацца некалькі дзясяткаў кліентаў, якія альбо заплацілі грошы гора-камерсанту і, натуральна, ужо нікуды не паляцяць, альбо ўжо паляцелі без аплаты. Некалькі кліентаў «СТС Ваяж» такім чынам апынуліся ў Чарнагорыі. Аператар, паверыўшы Андрэю Цюпу, які да апошняга дня запэўніваў, што грошы за туры ўсё ж будуць пералічаныя, адправіў кліентаў «СТС Ваяж» на адпачынак без папярэдняй аплаты. Высяляць гэтых кліентаў, зразумела, ніхто не збіраецца. Каб пазбегнуць скандалу, аператар возьме на сябе аплату тура. З яго боку таксама будзе пададзены пазоў. У канцы мінулага тыдня некалькі кліентаў «СТС Ваяж», якія аплацілі туры яшчэ ў лютым, прыходзілі проста да самалёта без дакументаў на руках, а толькі з распіскай ад Цюпы. У кожным канкрэтным выпадку фірма, якая выступае аператарам, старалася вырашыць праблему так, каб кліент усё ж паляцеў на адпачынак.

У цэлым скандал у галіне зноў падняў праблему надзвычай даверных адносін, якія існуюць у беларускім турызме. Кліенты давяраюць грошы фірмам практычна без рэпутацыі, не патрабуючы неабходных дакументаў. Партнёры працуюць «на даверы», часам без папярэдніх аплат.

Ну і, вядома, бурна абмяркоўваюць у галіне тую па сутнасці невялікую суму, дзеля якой чалавек, раней не заўважаны ні ў якіх ашуканскіх дзеяннях, сапсаваў сваю рэпутацыю. Як сумна жартуюць прадстаўнікі турбізнэсу, раней збягалі з паўмільёнам даляраў, цяпер з трыццаццю тысячамі! Крызіс!

У любым выпадку, скандал зноў нагадвае пра неабходнасць быць пільным пры выбары турфірмы, не весціся на прапанову вялікіх неабгрунтаваных зніжак і уважліва ставіцца да такога моманту, як падпісанне дамовы.

Каментар дырэктара фірмы «СТС Ваяж» Ірыны Сымановіч:

— Мы хочам падкрэсліць, што фірма не знікла, мы па-ранейшаму працуем, спрабуем трымацца на плаву. Мы гэтак жа, як і ўсе, знаходзімся ў шоку ад таго, што здарылася. Гэтак жа, як усе пацярпелыя, мы падалі заяву ў міліцыю. Мы паведамілі пра знікненне нашага супрацоўніка Андрэя Цюпы, пра тое, што сума нанесенай ім шкоды кліентам пакуль не вядомая. Імаверна, будзе заведзеная крымінальная справа. Цяпер нам вельмі цяжка. У фірму прыходзяць турысты, мы размаўляем з імі, спрабуем растлумачыць сітуацыю — кажам, што мы таксама знаходзімся ў няведанні. Наш вядучы кірунак — Грузію — цяпер курырую я. Мы вельмі ўдзячныя тым, хто нам усё ж давярае і працягвае ляцець па нашых турах — гэтыя пуцёўкі аплочаныя, баяцца няма чаго.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?