На нефармальным саміце ў Пецярбурзе новы расейскі прэзыдэнт пагутарыў тэт-а-тэт амаль што з усімі калегамі па СНД, акрамя беларускага.

Яўгенія Войка з Цэнтру палітычнай кан'юнктуры Расеі (гэта аналітычная структура лічыцца блізкай да Крамля) мяркуе: паколькі Мядзьведзеў для Захаду хоча выглядаць лібэралам, то "з улікам абвастрэньня беларуска-эўрапейскіх стасункаў ён рызыкаваў бы дэзавуяваць свой лібэральны імідж у выпадку перамоваў з Лукашэнкам" у вачох удзельнікаў міжнароднага эканамічнага форуму, што распачаўся ў Пецярбурзе паралельна.

Фота з часопісу «Огонек»

Вэрсія, магчыма, лье бальзам на душу палітычным праціўнікам Лукашэнкі, але падаецца занадта прыгожай. Новы расейскі прэзыдэнт пагутарыў сам-насам, напрыклад, з Карымавым, у якога рэпутацыя на Захадзе, асабліва пасьля андыжанскай бойні, таксама спэцыфічная. Дый у шэрагу іншых постсавецкіх краін дэмакратыі нягуста. Так што падыход да кантактаў быў, бадай, прагматычны. Туркмэністан, Азэрбайджан — гэта энэрганосьбіты, пытаньні іх транзыту, так што і для Бэрдымухамэдава, і для Аліева час у новага гаспадара Крамля знайшоўся. Зь іншага боку, трэ' было трохі напружыць Грузію ды Ўкраіну. Таму Саакашвілі атрымаў мэсыдж, што НАТО яго не ўратуе, а Юшчанка — што намер выціснуць з Севастопалю расейскі флёт адгукнецца Кіеву газам аж па 400 даляраў (болей, чым плацяць прыбалты!) ужо з новага году.

Як бачым, кантакты адбыліся і з пэрспэктыўнымі, багатымі нафтаю ды газам партнэрамі, і з тымі, зь кім Масква зараз на нажах. Лукашэнка ж на сёньня, як у той песьні Высоцкага, "и не друг, и не враг, а так". З багатымі на энэрганосьбіты партнэрамі можна дамовіцца, празаходніх ворагаў — трохі папалохаць, у стасунках жа Масквы зь Менскам павісла доўгая паўза. Выглядае на тое, што расейскія эліты чакаюць, каб бедная энэргарэсурсамі рэспубліка падзялілася тым, што мае. Актывамі прадпрыемстваў, банкаў. Каб пусьціла ў сваё фінансавае ўлоньне расейскі рубель.

Расейскі палітоляг Андрэй Рабаў без эківокаў кажа: каменем спатыкненьня сталі "пытаньні, што тычацца правоў беларускіх элітаў, якія ўзначалілі прыватызацыю. Так, натуральна, ім не хацелася б застацца ні з чым на руках у сваёй уласнай краіне. Яны выдатна разумеюць норавы расейскага бізнэсу, разумеюць, што мы забярэм усё".

Так што Масква, бадай, ня столькі баіцца сапсаваць імідж, колькі прымерваецца, як ямчэй ухапіць. Чакае, каб "кліент сасьпеў". Лічыць, што час гуляе на яе. І асабліва цяжкія часы для Беларусі могуць настаць тады, калі будуць выбітыя транзытныя козыры. Трубы ужо агінаюць сінявокую рэспубліку зь незгаворлівым кіраўніцтвам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?