Як аказалася ў апошні момант, для бясплатнага праезду ў 33‑м аўтобусе, які будзе выконваць ролю перасадкі між лініямі мэтро на час рэканструкцыі «Кастрычніцкай», «няма юрыдычных падстаў».

— Першапачаткова плянавалася зрабіць праезд у 33‑м аўтобусе бясплатным. Але пры дэтальным разглядзе высьветлілася, што на тое няма юрыдычных падстаў, — удакладняе Аляксандар Капцюх, начальнік аддзелу фармаваньня маршрутнай сеткі ГУ «Сталічны транспарт і сувязь».

Калі на новым маршруце ўсё ж зьявяцца кандуктары, то няцяжка падрахаваць, што паездка ў мэтро зь перасадкай зь лініі на лінію з панядзелка абыдзецца ў тры разы даражэй, чым цяпер. Трэба будзе плаціць 1800 рублёў замест 600.

Транспартнікі тлумачаць: бясплатных аўтобусаў у Менску няма. Нават на час нядаўняга рамонту трамвайных шляхоў на праспэкце Машэрава (б. Варвашэні) ў 152‑м маршруце‑дублёры трэба было прабіваць квіток. Адзінае паслабленьне — там дзейнічалі праязныя на трамвай. У такім разе ці можна будзе праехаць у 33‑м аўтобусе па магнітных картках мэтро?

— Гэта выключана. Картка мэтро прызначаная для счытваньня аўтаматычнымі прыстасаваньнямі, якіх у кандуктараў няма, — кажа Аляксандар Капцюх. — На гэтай картцы не напісаны ні месяц, ні год. Пасажыры змогуць хітраваць: напрыклад, паказваць леташнія карткі.

Паводле «Рэспублiкі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0